МІНСК, 11 ліс — Sputnik. Авіякампанія "Белавія" змяніла правілы правозу спартыўнага інвентару з 10 лістапада, паведамілі Sputnik у прэс-службе авіяперавозчыка.
"Адзін камплект спартыўнага інвентару перавозіцца без дадатковай аплаты, калі сумарная вага яго і іншага багажу не перавышае норму бясплатнага правозу багажу ў адпаведным класе абслугоўвання", — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што калі сумарная вага багажу, уключаючы спартыўны інвентар і іншы багаж, перавышае норму правозу бясплатнага багажу, за перавышэнне будзе брацца плата за кожны кілаграм перавышэння згодна стаўкам у залежнасці ад маршруту перамяшчэння.
У авіякампаніі таксама нагадалі, што спортінвентар звыш аднаго камплекта, а таксама жывёлы, спартыўная, баявая або паляўнічая зброя разам з боепрыпасамі не ўваходзяць у норму бясплатнага багажу і аплачваюцца дадаткова па стаўках за кожны кілаграм.