МІНСК, 11 ліс — Sputnik. Каля 30% работ маладых беларускіх мастакоў было набыта ў межах "Восеньскага салона", які праходзіў у сталічным Палацы мастацтваў з 8 кастрычніка па 8 лістапада гэтага года.
"Выставу ў мінскім Палацы мастацтваў наведала каля дзесяці тысяч чалавек, больш за 60 твораў (30% ад агульнай колькасці) было прададзена за месяц правядзення экспазіцыі. Вызначаны лаўрэаты прэміі" Арт-Беларусь", якая прысуджаецца найбольш перспектыўным удзельнікам", — паведамілі ў прэс-службе "Белгазпрамбанка" — арганізатара арт-праекта.
"Вялікі прыз", а заадно і 15 тысяч еўра (у беларускіх рублях па курсе НБРБ) атрымаў мастак Андрэй Лянкевіч, які прадставіў на салоне свой фотакалаж. Журы адзначыла яго "гістарычна адказны падыход да стварэння твораў сучаснага мастацтва і за ўклад у фарміраванне мастацкага асяроддзя". "Малы прыз" у сем тысяч еўра атрымаў Аляксандр Балдакоў "За арыгінальную працу з колерам у вобразнай прасторы сну".
"Улічваючы эксперыментальны вопыт укаранення сістэмы продажаў на "Восеньскім салоне з Белгазпрамбанкам", колькасць рэалізаваных твораў (30%) перасягнула самыя смелыя чаканні. Можна канстатаваць, што была дасягнутая адна з асноўных мэт праекта, звязаная з садзейнічаннем фармаванню айчыннага арт-рынку", - рэзюмавалі ў банку.
Таксама арганізатары не выключылі і тое, што прэмію "Арт-Беларусь" будуць уручаць рэгулярна.