Агент-007: national edition

© Flickr / leeГалерея агентов 007
Галерея агентов 007 - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Падчас паказу новага фільма пра Джэймса Бонда карэспандэнта Sputnik захлынула зайздрасць да брытанцаў, якія паўсюль піяраць сваю МІ-6. Мы зрабілі падборку беларускіх Бондаў – модных гадзіннікаў не мелі, але ж характар стойкі, нардычны.

МІНСК, 12 ліс — Sputnik. Карэспандэнт Sputnik патрапіла на самы дзявочы з паказаў новага "Джэймса Бонда" — яго арганізавалі пры падтрымцы касметычнай фірмы Mary Kay, таму зала поўнілася ўсхваляваннем, дзяўчаты крычалі Бонду "Бягі!" і крытыкавалі залішнюю паўнату яго новай дзяўчыны. Самога Дэніэла Крэйга, выканаўцу галоўнай ролі, таксама крытыкавалі — маўляў, Бонд ужо не такі, якім быў некалі, і многія ракурсы яму ўжо не так пасуюць.

Sputnik прыняўся шукаць мясцовых Бондаў з не менш нардычным характарам, чым у Крэйга.

Яўген Пясецкі: шпіён трох разведак, пісьменнік, намінант на Нобелеўскую прэмію, авантурыст

З біяграфіі гэтага супершпіёна можна было б стварыць айчынную Бандыану — герой працаваў на тры разведкі, у дадатак намініраваўся на Нобеля па літаратуры. Аднак звестак пра яго няма ў літаратурных энцыклапедыях. Такое замоўчванне пісьменніка, які аказаў значны ўплыў на літаратурнае і калялітаратурнае жыццё даваеннай Польшчы, не выпадковае: яго творчасць з-за паслядоўнай антыбальшавіцкай пазіцыі аўтара не прывіталася і свядома замоўчвалася і ў сацыялістычнай Польшчы і ў СССР.

У 1922 Пясецкі залучыўся ў польскую ваенную выведку, так званы II Аддзел — знакамітую "Двуйку". Адчайны антыбальшавік, ён крытыкуе камунізм і працуе на Польшчу — цяпер як шпіён. Выконвае сакрэтныя даручэнні на савецкай тэрыторыі і вельмі хутка атрымлівае славу дасведчанага аператыўнага агенту. У характарыстыцы на Пясецкага, выдадзенай яму II-ым Аддзелам, адзначана: "Праца яго была надзвычай плённай. Ён здабываў вельмі каштоўную інфармацыю і адрозніваўся выключнай адвагай. Даручаныя заданні выконваў, не шкадуючы ні жыцця, ні здароўя".

Ён стварыў вялізную сетку таемных агентаў. І ўсё пад прыкрыццём кантрабанды. Магчыма, упершыню ў гісторыі сусветных разведак шпіянаж быў пераведзены на самазабеспячэнне. Праз іх рукі прайшло каштоўнасцяў не менш чым на мільён фунтаў стэрлінгаў. Ну а яшчэ трохі Сяргей пакідаў сабе. Як успамінаў сам Пясецкі, "я мог купіць цэлую вуліцу, але не набыў нават дома", бо амаль усе грошы сыходзілі на падтрымку яго агентуры ў СССР.

А цяпер пройдземся па тыпова бондаўскіх характарыстыках. Працоўная зброя — пісталеты вальтэр калібра 6,35 або 7,65 — невялікія, кампактныя — іх зручна хаваць. Бывала, праўда, ён карыстаўся "Парабелумам" або "Браўнінгам". Афіцыйнай ліцэнзіі на забойства ў яго не было. Жанаты. Любімы напой — якасная польская гарэлка.

Уладзімір Амельянюк: рэдактар падпольнай газеты

Скончыў тры курсы Мінскага камуністычнага інстытута журналістыкі, працаваў літаратурным супрацоўнікам у газеце "Піянер Беларусі". Калі сустрэў вайну на практыцы ў Беластоку, здолеў дабрацца да Мінска і далучыўся да падполля.

Актыўна ўдзельнічаў у дыверсійнай дзейнасці, на чале групы падпольшчыкаў арганізоўваў уцёкі савецкіх ваеннапалонных з нямецкіх лагераў, усталёўваў сувязі з іншымі падпольшчыкамі і партызанамі, перадаваў ім выкрадзеныя ў акупантаў зброю і амуніцыю. Усталяваўшы ў сябе дома радыёпрымнік, Амельянюк стаў прымаць зводкі "Саўінфармбюро" і распаўсюджваць іх сярод насельніцтва. З траўня 1942 года ён стаў рэдактарам газеты падпольнага Мінскага гаркама ВКП(б) "Звязда", якая таемна набіралася ў нямецкай друкарні. Першыя ж выпускі прымусілі акупантаў пачаць пошукі рэдакцыі з прыцягненнем правакатараў і агентаў. 26 мая 1942 года ў Сувязным завулку ў Мінску Амельянюк быў забіты адным з такіх правакатараў.

Кірыл Арлоўскі: збегчы ад кітайскай контр-разведкі і ўзначаліць калгас-міліянер

Кіраўнік партызанскага дыверсійнага атрада ў Польшчы, удзельнік грамадзянскай вайны ў Іспаніі, прарэктар сельскагаспадарчага інстытута, савецкі шпіён у Кітаі, кіраўнік партызанскага атрада ў час Вялікай Айчыннай вайны. Пазбавіўшыся абедзвюх рук, ён не ўпаў духам і ўзначаліў у 1945-м годзе калгас у Беларусі, які першым у СССР атрымаў чысты прыбытак у мільён рублёў.

У чэрвені 1918 па заданні падпольнага Бабруйскага павятовага камітэта партыі бальшавікоў стварыў партызанскі атрад, які дзейнічаў супраць нямецкіх войскаў. Са снежня 1918 года па красавік 1919 года працаваў у Бабруйскай ЧК.

Партызанскі, а па сутнасці, дыверсійны рух у Беларусі пачаўся летам 1921 года. Аднымі з камандзіраў такіх дыверсійных атрадаў былі Кірыл Арлоўскі і Станіслаў Ваўпшасаў.

У 1937 годзе Арлоўскі адправіўся дапамагаць рэспубліканцам у Іспанію, дзе ён дзейнічаў пад псеўданімам Стрыкаў (ад striker — ударнік у спускавым механізме стралковай зброі). Кіраўніцтва інтэрбрыгады называла адзін з яго рэйдаў "надзвычайным", аднак сам Арлоўскі быў незадаволены вынікам — лічыў, што эфект быў бы непараўнальна большым, калі б не баязлівасць і разгільдзяйства іспанцаў.

Дарэчы, Арлоўскі цэлы тыдзень жыў у адным гатэлі з Хэмінгуэем і стаў у выніку прататыпам яго персанажа ў аповесці "Па кім звоніць колакал".

У сакавіку 1941 пад выглядам супрацоўніка Наркамата каляровай металургіі Арлоўскі выязджае ў Алма-Ату для арганізацыі базы савецкай агентуры ў Кітаі — чакалася вялікая вайна з Японіяй і вопыт Кірылы Пракопавіча быў вельмі дарэчы. Арганізаваўшы працу на базе, Арлоўскі са спецыяльным заданнем адбывае ў Сіньцзян (Кітай), там ён ратуе нашага рэзідэнта, выкрадае яго літаральна з-пад носу ў кітайскай контрразведкі і вывозіць у СССР у цюку ваты.

Падчас другой сусветнай вайны, Кірыл Пракопавіч страціў кісці абедзвюх рук — застаўся толькі палец. Пазбавіўшыся абедзвюх рук, ён не ўпаў духам і ўзначаліў у 1945-м годзе калгас у Беларусі, які першым у СССР атрымаў чысты прыбытак у мільён рублёў.

Стужка навiн
0