МІНСК, 12 ліс — Sputnik. Актывісты сабралі 2515 подпісаў супраць увядзення ў Беларускім дзяржаўным універсітэце платных пераздач і падалі петыцыю ў рэктарат.
БДУ плануе ўвесці платныя пераздачы са студзеня наступнага года. Кіраўніцтва ўніверсітэта тлумачыць неабходнасць новаўвядзення "матывацыяй студэнтаў". Зрэшты, самі студэнты не згодныя з тым, што гэта можа быць добрай нагодай вучыцца — яны баяцца, што платныя пераздачы ператворацца ў "спосаб папаўнення бюджэту".
"Сабраўшы дзякуючы вам немалую колькасць подпісаў, мы вырашылі ўжо сёння падаць наш зварот у рэктарат! Прычына такой спешкі ў тым, што мы павінны падаць зварот да таго, як указ аб платных пераздача будзе прыняты", — паведамілі актывісты ў сваёй суполцы "Вконтакте".
Суполка #студентыпротив мае намер падаць скаргу ў пракуратуру, калі кіраўніцтва ВНУ не пачуе іх. Актывісты дамагаюцца таго, каб рашэнне аб платных пераздачах не было ўведзена ў БДУ, а ў іншых ВНУ рэспублікі і зусім было адменена.
"Мы паступілі ва ўніверсітэт, каб вучыцца, і кожны мае права на памылку. Кожны мае права на бясплатную адпрацоўку і пераздачу!" — заявілі студэнты.