МІНСК, 12 ліс — Sputnik. Першая ў навейшай гісторыі Беларусі дакумэнтальна-мастацкая выстава "Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні" адкрываецца заўтра а 17 гадзіне ў Палацы мастацтваў.
Экспазыцыя распавядзе пра мінулае Курапатаў цягам апошніх 27 гадоў, пра першаадкрывальнікаў Нацыянальнага некропалю і яго абаронцаў, пра ахвяр сталінізму і іх катаў. На выставе можна будзе даведацца пра незвычайныя факты, убачыць унікальныя дакументы, здымкі, артэфакты, кінастужкі і творы выяўленчага мастацтва, большасць з якіх дэманструецца ўпершыню, паслухаць успаміны сведкаў і творы беларускіх бардаў.
Галоўнымі арганізатарамі выставы сталі Грамадзянская ініцыятыва "Экспэрты ў абарону Курапатаў" і суполка "Пагоня" Беларускага саюзу мастакоў.
Працягнецца выстава да 16 лістапада (уключна).
Праграма імпрэзаў
13 лістапада а 17.00 — адкрыццё выставы.
14 лістапада а 15.00 — прэзентацыя стужкі Міхася Жданоўскага "Дарога на Курапаты".
15 лістапада а 15.00 — выступ бардаў Аляксея Галіча і Змітра Захарэвіча.
16 лістапада а 17.00 — прэзентацыя стужкі Вольгі Мікалайчык "Я — голас Курапатаў".