МІНСК, 12 ліс — Sputnik. Палац Умястоўскіх у Гародне, збудаваны па ўзоры варшаўскага палаца Лазенкоўскага, прадалі іарданскаму бізнесмену за 90 тысяч долараў. Sputnik звязаўся з начальнікам аддзела арэнды агенцтва "Квадратны метр" Міхаілам Рагаўцовым і высветліў, чаму ў Беларусі з замкаў дагэтуль не зрабілі бізнесу.
"У Заходняй Еўропе продаж замкаў — гэта бізнес, такіх аб'ектаў там шмат і існуюць яны не адно стагоддзе, для еўрапейцаў гэта такая ж нерухомасць, як дом з басейнам. Зразумела, што продажы там ідуць досыць актыўна", — тлумачыць спадар Міхаіл. На Беларусі ж замка ў добрым стане знайсці цяжка, таму ўкладаць сродкі ў пакупку такой нерухомасці могуць толькі самаадданыя аматары даўніны.
Да таго ж, у самаадданасць іарданца Рагаўцоў не верыць. "Я сумняваюся, што бізнесовец выпадкова патрапіў на гэтую цудоўную сядзібу. Наўрад іарданец мог паехаць у глуш і раптам здзівіцца прыгажосці нашай спадчыны, больш верагодна, што ёсць іншыя прычыны, якія не павінны агучвацца", — тлумачыць свой скептыцызм эксперт.
"Можна верыць у шчаслівае супадзенне абставін, а можна ўспомніць, што большасць нашых інвестараў нешта віннае дзяржаве: адны павінны пабудаваць мост, іншыя — школу і так далей", — дадаў рагаўцоў.
Продажам замкаў беларускія агенцтвы, у адрозненні ад еўрапейскіх, не займаюцца — напрамак малаперспектыўны, бо большасць падобных забудоваў у Беларусі належыць не прыватным асобам, а дзяржаве. Дарэчы, юрыдычнае права звярнуцца ў агенцтва, дзяржава мае.
"Любая фізічная ці юрыдычная асоба можа звярнуцца ў агенцтва, але ж чыноўнікам тое не трэба: яны могуць павесіць інфармацыю пра тэндар у якой-небудзь "СБ" і ў сябе на сайце, і на тым супакоіцца", — тлумачыць рыэлтар.
Дарэчы, па кошту еўрапейскіх замкаў можна набыць люксавы катэдж у Мінску. Спадар Рагаўцоў распавядае, што максімальныя кошты за катэдж у Беларусі могуць складаць мільён еўра, столькі ж каштуе, напрыклад, замак у Луары. Такую прапанову знайшоў карэспандэнт Sputnik, зацікавіўшыся, на жаль, тэарэтычна, пакупкай палацава-паркавых комплексаў: "Часткова адрэстаўраваны старадаўні замак размешчаны ў глыбінцы Францыі ў Майен — невялікім дэпартаменце рэгіёну Зямлі Луары. Першы ўзровень размяшчае вялікія прыёмныя залы з камінамі і французскімі столямі, дзве вялікія тэрасы. На другім і вышэй паверхах размясціліся 15 спальняў, 8 ванных пакояў, 4 прыбіральні".
Беларускі палац абышоўся бізнесоўцу куды танней, але ж і да французскіх столяў у яго яшчэ інвеставаць і інвеставаць.