МІНСК, 12 ліс — Sputnik. Кнігу "Скарб Вялікага княства літоўскага" пераклалі на беларускую мову і выдалі ў "Інбелкульце".
У прадмове да "Скарбу" аўтары абяцаюць расказаць пра фарміраванне бюджэту ВКЛ, яго асаблівасці, тыпы падаткаў, паступленні сродкаў, штогадовае іх грашовае вымярэнне і суадносіны паасобных тыпаў падаткаў у структуры паступленняў, выдаткі, іх штогадовую дынаміку і суадносіны з сапраўднымі патрэбамі.
Тут жа — пра ўдзел палітычнай супольнасці і ўсіх жыхароў дзяржавы пры вырашэнні пытанняў аховы і абароны дзяржавы, асабліва па вызваленні краіны.
Такім чынам, на працягу 20 гадоў у ВКЛ ішла вайна. У Вялікае Княства Літоўскае і ў Каралеўства Польскае, а нярэдка толькі ў ВКЛ, урываліся войскі Расіі, Швецыі, паўсталых казакоў, Прускага княства, крымскіх татараў.
Асноўным заданнем працы было высветліць недаследаванае ў гісторыяграфіі пытанне і вызначыць штогадовыя даходы і выдаткі земскага скарбу ВКЛ, іх структуру і праўныя ды сацыяльныя падставы іх збору. Пасля доўгіх даследаванняў архіўных публікацый і крыніц удалося скласці зводную табліцу даходаў і выдаткаў скарбу ВКЛ. Яна паслужыць для кампаратывісцкіх даследаванняў і ацэнкі палітычнага стану ВКЛ у тагачасным геапалітычным кантэксце.
На працягу гэтага 20-годдзя ВКЛ даводзілася пастаянна ўтрымліваць найманае войска, збіраць сродкі на яго найм, збіраць падаткі, выкарыстоўваць на гэтую мэту даходы, сабраныя ў выглядзе мытаў і акцызаў. Утрыманне войска было сур‘ёзнай праблемай для скарбу, але зменшыць яго было немагчыма. Афіцыйна рэгламентаваны вайсковы кантынгент ВКЛ вырас з 5 да 18 тысяч. Утрымліваць яго станавілася ўсё цяжэй, бо з самага 1648 года падаткі плацілі жыхары не ўсёй тэрыторыі ВКЛ.
Стабільнасць дзяржавы, яе бяспека і абарона залежалі ад грамадзянскай самасвядомасці яе жыхароў, разумення адказнасці за дзяржаву і асаблівасцяў менталітэту яе насельнікаў, эканамічнай ды фінансавай кандыцыі, а таксама ад здольнасці дзяржавы мабілізаваць свае рэсурсы. У гістарыяграфіі сустракаецца перакананне, што шляхта Вялікага Княства Літоўскага была своекарыслівай і не рупілася пра дзяржаву і яе абарону. Аднак акурат ёй разам з усім грамадствам і давялося несці ношу той 20-гадовай вайны і вызвалення Вялікага Княства Літоўскага.