БРЭСТ, 12 ліс — Sputnik, Арцём Кір'янаў. Тэматычны нумар, дзе ў 1974 і 1976 гадах спыняўся савецкі спявак, акцёр тэатра і кіно Уладзімір Высоцкі, адкрылі ў чацвер у гатэлі "Буг" у Брэсце.
Атмасферу савецкай эпохі ў нумары аднавілі дзякуючы старой мэблі. Сцены нумара ўпрыгожылі фоташпалерамі з выявамі Высоцкага і яго вершаў. У спальні ёсць праектар, з дапамогай якога можна паглядзець выступленні і інтэрв'ю артыста.
"Засяліцца можна хоць сёння за паўтара мільёна рублёў", — распавёў Sputnik дырэктар гасцініцы "Буг" Дзмітрый Мінкевіч, адзначыўшы, што двухмесны двухпакаёвы "Люкс" у гасцініцы абыдзецца ў 950 тысяч рублёў.
Па словах дырэктара, праз тыдзень па суседстве з нумарам адкрыецца і Тэматычны пакой, прысвечаны Высоцкаму.
Мінкевіч паведаміў, што менавіта ў гэтым двухпакаёвым нумары на другім паверсе "Буг"а Уладзімір Высоцкі і Марна Уладзі спыняліся двойчы — у 1974 і 1976 гадах.
"Уладзі тады прыганяла яму машыну", — сказаў дырэктар.
Паводле яго слоў, у Брэсце артыст бываў часцей, аднак на начлег заставаўся толькі два разы.
Менавіта ў гэтым нумары гасцініцы "Буг" Уладзімір Высоцкі і Марыя Уладзі спыняліся двойчы.
Дырэктар "Буга" таксама адзначыў, што праца над праектам працягвалася пяць месяцаў. За гэты час супрацоўнікі гасцініцы сустрэліся з сынам артыста — Мікітам Высоцкім, а нумар плошчай 34 квадратных метра цалкам адрамантавалі. Аднак пакой вырашылі не абнаўляць, а вярнуць у савецкую эпоху.
"Некаторыя рэчы мы шукалі па ўсёй рэспубліцы З таго моманту, калі тут жыў Высоцкі, да нас дайшлі два ложкі і тумбачка. Па паркету, на якім мы стаім, хадзілі ён і Уладзі", — адзначыў Мінкевіч.
Многае ў нумары не ўдалося аднавіць, але ў цэлым атмасферу эпохі, упэўненыя ў "Бугу", адрадзіць атрымалася. Інтэр'ер дапаўняюць фоташпалеры з выявамі артыста і яго жонкі. На сценах можна прачытаць напісаныя рукой Высоцкага вершы — іх скапіравалі з арыгіналаў.
Дырэктар гасцініцы падкрэсліў, што гэтыя пакоі нельга назваць музеем. Гэта, хутчэй, тэматычны нумар, які ўжо сёння можна зняць за 1,5 мільёна рублёў.
"Даступны ўсім тэматычны пакой адкрыецца праз тыдзень у суседнім памяшканні. Ён будзе бясплатным, калі нумар падчас экскурсіі будзе не заняты, у дадатак госці змогуць убачыць і яго", — Сказаў Мінкевіч.
Як паведамілі Sputnik у гасцініцы, адным з экспанатаў тэматычнага пакоя стане фотаздымак Ежы Гофмана з яго жонкай, Высоцкім і Уладзі. Фота польскі рэжысёр падарыў "Бугу" падчас свайго нядаўняга візіту ў Брэст.
У бліжэйшы час, па словах Мінкевіча, каля цэнтральнага ўвахода ў гасцініцу ўсталююць і помнік Высоцкаму.