Кулінковіч: не варта вырашаць праблемы кухоннымі войнамі

© Sputnik / Юлія ХвошчДзень нараджэння клуба Re:Public
Дзень нараджэння клуба Re:Public - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Заснавальнік гурта Neuro Dubel Аляксандр Кулінковіч пракаментаваў скандал паміж дырэктарам клуба Re:Public Андрэем Старцавым і музыкальным журналістам Сяргеем Будкіным.

МІНСК, 13 ліс — Sputnik. Анталогія айчыннага нанканфармізма папоўнілася новай старонкай — журналіст Сяргей Будкін адмовіўся асвятляць мерапрыемствы клуба "Ре:паблік".

Канфлікт здарыўся 11 лістапада на канцэрце гурта Nizkiz. Дырэктар Re:Public Андрэй Старцаў, па словах Будкіна, перашкодзіў ажыццяўленню прафесійных абавязкаў самому Будкіну і Яўгену Шапчыцу, якія здымалі сюжэт пра гурт для "Белсата". Камеру загадалі выключыць, мікрафон схаваць, здымкі мерапрыемства не весці.

Спецыяльна для Sputnik сітуацыю пракаментаваў заснавальнік гурта Neuro Dubel Аляксандр Кулінковіч, які 28 лістапада дае канцэрт у Re:Public і Будкіну ў салідарнасці адмаўляе.

"Будкін заняў дзіцячую пазіцыю, з пясчынкі намагаючыся стварыць буру ў стакане. Гэта проста смех, не ведаю, на што Сяргей разлічваў, заклікаючы адмяніць канцэрты ў клубе, ніхто з музыкаў на гэта не пойдзе. Музыка можа не праводзіць канцэрт у Re:Public з-за таго, што не падабаецца сцэна ці з-за таго, што няма грошай, пры тым ён, безумоўна, можа заявіць, што не праводзіць яго з прычыны байкоту. Адным словам, як было ў мініяцюры Жванецкага: калі мы ўсё роўна галадаем, дык хоць скажыце, за што?" — рэзюмуе Кулінковіч і дадае, што канцэрт — камерцыйнае мерапрыемства і дачынення да байкотаў мець папросту не можа.

Кулінковіч упэўнены, што калі і варта рокерам аб'ядноўвацца, дык не ў гэтай сітуацыі і не супраць Старцава. Маўляў, гаворка ідзе не пра "крывавы клуб", які байкатуе ўвесь свет, а пра звычайны Re:public, які асаблівай шкоды сусвету не нанес.

"Я добра памятаю той час, калі гурты былі пад забаронай, нас забаранялі людзі, якія пасля нам жа ўсміхаліся. Яны ўсміхаліся шчыра, забаранялі — няшчыра. Усе падобныя патрабаванні ідуць з установаў, што месцяцца зверху, хоць і ніжэй за Бога", — абараняе музыка дырэктара Re:Public.

Пазіцыя Будкіна Кулінковічу падаецца дзіцячай і не вартай падтрымкі, музыка кажа, што ўладар Re:Public мае поўнае права на забарону здымак на тэрыторыі свайго клуба, гэтаксама як ва ўласнай кватэры чалавек мае права на свае законы, хай нават і на самадурства.

"Клуб — гэта ўласнасць Старцава, ён мае права дыктаваць свае ўмовы. Ніхто не байкатуе клубы, на ўваходзе ў якія стаяць ахоўнікі і па прынцыпу дрэс-коду вырашаюць, ці праходзіце вы", — дадае музыка.

У адрозненні ад большасці заступнікаў Re:Public, Кулінковіч не лічыць гэты клуб легендарным — сапраўды легендарным быў "Рэактар", — але ж прызнае, што гэта амаль ці не адзінае месца ў Мінску, дзе можна выступіць, не спусташаючы кішэняў. Той жа Prime Hall, напрыклад, могуць дазволіць сабе не шматлікія музыкі. Кулінковіч прызнае, што ў клуба шмат праблемаў, але ж і Старцаў добра пра іх ведае.

"Гэтыя праблемы не варта вырашаць кухоннымі войнамі. Проста казаць — калі б я быў прэзідэнтам, міністрам, я б зрабіў так. Але ж мы жывем у спецыфічнай краіне са спецыфічнымі законамі, якія вымушаныя выконваць, трэба заўсёды разумець, што шмат што людзі робяць не па сваёй ініцыятыве", — гаворыць музыка.

Стужка навiн
0