МIНСК, 13 лic — Sputnik. Успамінаць літаратурны рух Бум-бам-літ планавалі сёння ў музеі Азгура, але ж нечакана дзею адмянілі.
"Яшчэ ўчора супрацоўнікі музэя былі шчыра гатовыя праводзіць імпрэзу — нягледзячы на пэўныя чыста рабочыя непаразуменні. Яшчэ сёння апоўдні, калі мы загружалі ў машыну матэрыялы для пэрформанса, ніякіх "тэхнічных прычын" не ўзнікала. Пакуль мы ехалі ад Акадэміі да Плошчы Перамогі, раптам яны з'явіліся. Думаю, нашаму чалавеку тут усё зразумела… У нас вельмі шмат што ўжо адмянялася "па тэхнічных прычынах", — распавядаюць арганізатары мерапрыемства.
Легендарны рух, які некалі зрабіў сапраўдную рэвалюцыю ў беларускай літаратуры, адзначае сваё 20-годздзе.
Сёння Бум-Бам-Літ успрымаецца перадусім як легенда 90-ых, якую даўно ўжо прэпарыруюць літаратуразнаўцы і студэнты. Рух зрабіў сваю справу — пазбавіў айчыннае прыгожае пісьменства звыклай для яго эстэтычнай цнатлівасці і паспяхова сканаў яшчэ ў 1999 годзе.