МІНСК, 17 ліс — Sputnik. "Натуральныя прычыны" — сінтэтычны праект, які ўключае ў сябе інсталяцыі і відэа-творы. Яго адпраўным пунктам паслужыў сямейны архіў, пашкоджаныя дакументальныя стужкі Настассінай бабулі, кінарэжысёра Алены Колас — своеасаблівыя мнеманічныя сямейныя рэчы, якія Настасся выкарыстоўвае як рэдзі-мэйд.
У сваёй працы яна разважае над зніклівасцю ўсяго матэрыяльнага, над часовай сутнасцю любога архіву. Сярод галоўных пытанняў праекту "Натуральных прычын": Як з дапамогаю тэхналогіяў ці інтэрпрэтацыі гісторыя можа быць змененая, перапісаная, дапоўненая? Як можна знайсці раўнавагу паміж катэгорыямі самасці, памяці, цяперашняга, будучага, інавацыяў і прадуктыўна ўзаемадзейнічаць з гісторыяй?
Настасся Колас нарадзілася ў 1980 годзе ў Мінску, жыве ў Нью Йорку. Скончыўшы Беларускі рэспубліканскі каледж мастацтваў і Універсітэт Раерсана ў Таронта, Анастасія распачала кар'еру ў модзе. Некалькі гадоў працавала ў Парыжы і Лондане, а ў 2008 пераехала ў Нью-Йорк, дзе і засяродзілася на працы ў сферы мастацтва і новых медыяў. Анастасія з'яўляецца кандыдатам на магістарскую ступень у Bard College Milton Avery School of The Arts. Выстаўлялася на Loop Video Art Festival у Барселоне, Forest Fringe у Эдынбургу, Anthology Film Archives і NEWD Art Show у Нью-Йорку.