Ганна Сталярова, Sputnik.
Гарантаваць на 100% бяспеку сваіх грамадзян і турыстаў сёння не можа ні адна дзяржава свету. Але жыхароў і гасцей мегаполісаў заклікаюць не ўпадаць у паніку, а разумна ацэньваць магчымыя рызыкі.
Як перамагчы свой страх, спакойна спускацца ў гадзіну-пік у метро ці зноў падняцца на борт самалёта, карэспандэнту Sputnik распавёў псіхіятр, псіхолаг, доктар медыцынскіх навук, дырэктар Інстытута даследавання праблем псіхічнага здароўя Уладзімір Мендзелевіч.
У першую чаргу грамадзянам, у якіх з'явіўся страх карыстацца грамадскім транспартам, эксперт параіў прыняць як дадзены той факт, што мы жывем у абсалютна непрадказальным і вельмі небяспечным свеце.
"З развіццём чалавецтва колькасць небяспекаў для яго жыцця ўзрастае. Гэта звязана і з тэхнагеннымі, і з рукатворнымі фактарамі. У свеце постмадэрну людзі лічаць, што могуць паводзіць сябе так, як хочуць. Свет з'яўляецца небяспечным, на жаль, і таму, што цяпер існуе відавочнае супрацьстаянне груп насельніцтва ці культур, якое выліваецца ў агрэсію", — тлумачыць псіхолаг.
Пільнасць ў такім грамадстве, па словах Мендзелевіч, павінна быць значна вышэй, чым у той час, калі жылі нашы продкі — ніхто нам не можа гарантаваць на 100% нашу бяспеку.
Калі існуе рэальная небяспека тэрактаў, чалавек, як тлумачыць псіхолаг, павінен некалькі скарэктаваць свае паводзіны.
Па-першае, па словах псіхолага, трэба па магчымасці максімальна засцерагчы сябе ад небяспекі: пастарацца не ездзіць у тыя краіны і ў тыя рэгіёны, дзе, як відавочна, сітуацыя больш напружаная.
Псіхолаг упэўнены: адмаўляцца ад палётаў пасля тэракту на борце A321 было б неразумна.
"Верагоднасць загінуць у самалёце мінімальная па параўнанні з іншымі фактарамі. Таму чалавек, які ўсё жыццё лётаў, і праца якога напрамую звязана з пералётамі, вядома, не павінен абмяжоўваць сябе ў палётах", — перакананы эксперт.
Адзінае, як нагадвае Уладзімір Мендзелевіч, нейкі час лепш не лётаць у краіны, якія прызнаныя больш небяспечнымі, і не карыстацца паслугамі патэнцыйна менш абароненых аэрапортаў.
Для ўласнага спакою варта, па словах псіхолага, адмовіцца ад наведвання людных месцаў. Так, паход на канцэрт ці на матч лепш адкласці на больш спакойны час.
"І вядома, трэба быць больш абачлівымі. Але важна, каб падазронасць ня перарастала ў параною. Стан пастаяннага страху — не толькі не самы прыемны, але і багаты цяжкімі наступствамі для здароўя. А вось праяўляць павышаную ўважлівасць, знаходзячыся ў метро ці на вуліцы, вядома, не перашкодзіць", — адзначыў суразмоўца.
Парады псіхолага: як пазбавіцца страху і не панікаваць
09:48 18.11.2015 (абноўлена: 15:12 18.11.2015)
Падпісацца
Тры рэкамендацыі ад дырэктара Інстытута даследавання праблем псіхічнага здароўя спецыяльна для чытачоў Sputnik, якія пасля апошніх падзей у свеце баяцца лётаць самалётамі, спускацца ў метро.