МІНСК, 18 ліс — Sputnik. Tuzin.fm адзначае 12-ты дзенrь народзінаў і ладзіць вялікі канцэрт намінантаў прэміі "Героі году" ў "Пляцоўка-холе". У клубе назавуць галоўнае адкрыцьцё і найлепшы гурт у беларускай музыцы за 2015 год. Да абвяшчэньня шорт-ліста прэміі квіткі можна набыць з істотнай зьніжкай.
"Наш праект стартаваў у беларускім сеціве ў кастрычніку 2003, але так павялося, што дзень народзінаў прыпадае на магічную дату – 12.12. У гэты ж дзень мы называем найлепшы дэбют і найлепшы гурт у беларускай музыцы за год", – кажа кіраўнік парталу Tuzin.fm Сяргей Будкін. На "Героях году" прадстаўлена пяць намінацыяў. Пераможцаў у дзьвюх галоўных — "Адкрыцьцё году" і "Героі году" — вызначае рэдакцыя парталу. Падвядзенне вынікаў музычнага году на партале адбываецца штогод ужо ў 13-ты раз. У розны час найлепшымі прызнаваліся Zet, N.R.M., "Крамбамбуля", рок-паэт Міхал Анемпадыстаў, "Ляпіс Трубяцкі", Akute, Re1ikt, летась "Героямі году" былі названыя Dzieciuki.