Рыгор Сітніца: сажалка, туман і асака як заклад мастацкага дабрабыту

© Sputnik / Виктор ТолочкоНациональный художественный музей Республики Беларусь
Национальный художественный музей Республики Беларусь - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Мастацкія галерэі прапануюць наведвальніку шырэйшы спектр накірункаў, ад супрэматызму да сюррэалізму, але ж кліент галерэі ўпарта абірае “дакладны жывапіс”: каб дрэўца было падобным да дрэўца.

Алена Васільева, Sputnik

Айцішнік ужо стаў чарапахай, на якой трымаецца дыск Беларусі, ён своеасаблівы беларускі звышчалавек, здатны перасекчы мяжу ў жаданыя 500 долараў. А вось лёс чалавека ад мастацтва ў Беларусі дагэтуль невызначаны — адзінкі здольныя з'ехаць за мяжу і прадаць свае палотнішчы там, большасць жа застаецца ў Беларусі і сваёй творчасцю намагаецца даказаць галерэям і пакупнікам, што "Вернісажам" ля Палацу незалежнасці асартымент беларускіх мастакоў не абмяжоўваецца.

Пра месца Беларусі ў мастацтве і наадварот — места мастацтва ў жыцці беларусаў, пра кошты на карціны і рэцэпты для камерцыйнага поспеху Sputnik пагутарыў са старшынёй Беларускага саюза мастакоў Рыгорам Сітніцай.

© Photo : вікімедыяРыгор Сітніца
Рыгор Сітніца - Sputnik Беларусь
Рыгор Сітніца

Пра мастацкі густ: скінуліся грашыма і набылі пазнавальны краявідзец

На сценах мастацкай галерэі ў Мінску дагэтуль вісяць палотнішчы Аляксандра Кішчанка, беларускага мастака, аўтара вядомага "Габелену стагоддзя", які занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса. Між тым Рыгор Сітніца сцвярджае, што не гэтыя карціны карыстаюцца попытам сярод пакупніка.

"Пакуль палотнішчы Аляксандра Кішчанка, нашага класіка, прадаюцца за якія 34-40 мільёнаў рублёў і доўга могуць вісець у галерэі, не знаходзячы свайго пакупніка, наведвальнікі галерэі будуць звяртаць увагу на зусім іншыя творы — пазнавальныя і з пажаданым падабенствам да фотаздымку", — тлумачыць асаблівасці беларускага густу Рыгор Сямёнавіч.

Ён запэўнівае, што працы таго ж Кішчанка дзеці сённяшніх кліентаў галерэі маглі б прадаць за суму, што ў дзясятак разоў перавышала б цяперашні кошт, што гэтыя працы — "на выраст", але ж попытам карыстаецца малафарматнае і малабюджэтнае мастацтва: "сабраў аддзел грошы на падарунак начальніку, купілі пазнавальны краявідзец". Сярод карцін, на якія звяртае ўвагу сярэдні кліент галерэі, ёсць і добрыя творы, але ж спадар Сітніца кажа, што абсалютная класіка можа заставацца там незапатрабаванай гадамі, запэўнівае мастак.

"Аднойчы ў Мастацкай галерэі я сустрэў паўнавартасны музейны твор, напісаны яшчэ ў пяцідзясятыя гады, то бок, прыналежны да школы, якая ўжо не паўторыцца. Здзівіўся, думаў, варта сказаць пра яго Мастацкаму музею, але ж карціну ўсё ж набылі. У багатых дамах можа стаяць унітаз за некалькі тысяч даляраў, а на сценах вісець кітайскія постэры. Людзі лічаць за вартае пахваліцца італьянскай пліткай у ванным пакоі, а карцінай — не. І вось бачыш у чалавека на сцяне такі постэр і няёмка сказаць яму, што тое, выбачайце, лажа поўная", — гаворыць спадар Сітніца і ўспамінае рынак "Вернісаж", што месціўся ля былога музея Вялікай Айчыннай вайны. На рынку не было прафесіяналаў, выключна самавучкі, але ж карцінамі адтуль поўніліся не толькі прыватныя дамы, але ж і прыёмныя пакоі дзяржаўных ведамстваў.

"Я быў у грамадскай прыёмнай адміністрацыі прэзідэнта і пабачыў там карціны з таго ж самага "Вернісажу". Пры тым, што з нашых фондаў тры тысячы карцінаў мы далі на тэрміновая адказнае захаванне і ў кабінеты Савета Рэспублікі, і ў пасольства, і ў адміністрацыю", — распавядае старшыня Саюза мастакоў.

Між тым у мастацкіх галерэях, якіх у Мінску дзве, працуюць прафесійныя кансультанты, якія б маглі дапамагчы жадаючым далучыцца да свету мастацтва ў выбары карціны ці скульптуры, але ж звяртаюцца за дапамогай не шматлікія пакупнікі. Звычайна абыходзяцца трывалай фармулёўкай — "мы самі ўсё разумеем."

"Чамусьці часта лічаць, што ў мастацтве разбіраецца кожны. Пра вышэйшую матэматыку ніхто не бярэцца разважаць. Я вось магу прама сказаць, што нічога пра яе не ведаю — як і пра любую дакладную навуку, затое гадзін на пяць ведаю вершаў і магу спаборнічаць з любым", — кажа спадар Сітніца.

Пра камерцыйны поспех: сажалка з лебедзем і ліст на вадзе

Упісацца ў камерцыйны кантэкст, не змяняючы пры гэтым ні сабе, ні мастацтву, здолелі не шматлікія мастакі. Скульптары дзеля заробку выконваюць замовы на помнікі ці надмагілле, манументалісты распісваюць багатыя дамы, робяць вітражы, мазаікі. Шмат хто займаецца выкладаннем, нешматлікія рэалізуюць творы праз Галерэю мастацтваў, але ж спіс мастакоў, якім гэта ўдаецца, не надта вялікі.

"Даю раду тым, хто хоча рабіць карціны менавіта для продажу. Што трэба намаляваць, каб купілі? Сажалку, пруд, мосцік, трохі туману, бярозавы гай, пры тым, лісцікі павінныя ўжо ўпасці на ваду, тут жа — асака, чарот, яшчэ можа лебедзь плаваць. Падмалюйце сцежачку, а ў глыбіні парку — дамачку пад парасонам. Гэта жалезна можна прадаць. Жонцы кажу — будзем галадаць, дык я затачу такое, я ведаю, як зрабіць", — дае рэцэпт Рыгор Сямёнавіч для тых, хто хоча нязменна быць любімцам сярэднестатыстычнага пакупніка.

Яшчэ адзін "жалезна паспяховы сюжэт" — нацюрморт "пад галандцаў": "Малюем вінаград, персікі і абавязкова блюдзечка, дзе лімон, пры тым — надрэзаны спіралькай. Гэта цытаты, з якіх можна рабіць рэцэпты — што маляваць, каб падабалася".

Спадар Сітніца кажа, што працы высокакласных беларусаў купляюцца пераважна замежнікамі, а тутэйшы кліент скіраваны болей на пруд з лебедзем. Пры тым, майстар нават такі кітч можа зрабіць творам мастацтва, здзекваючыся са штампаў, але ж тое ўжо вышэйшы пілатаж.

"Ёсць мастакі па сутнасці, а ёсць — па прафесіі. Мой знаёмы сказаў аднойчы — наўрад ці зраблю нешта, што пакінула б след у мастацтве. Вырашыў — вось у мяне ёсць сусед, ён іпэшнік, і ён робіць на продаж выраб "стул", той стул яго корміць. У мяне ёсць дыплом, буду рабіць выраб "карціны", і гэта хай мяне корміць. Да такога чалавека ніякіх прэтензій не маю, ён сам сказаў, што не прэтэндуе на месца ў вечнасці, хай і наіўнай. Ёсць такія літаратары, музыкі, на іх няма разліку ў мастацтве — яны з яго кормяцца. Але ж ёсць і прафесіяналы, такі чалавек з голаду паміраць будзе, дык пойдзе разгружаць штосьці, а змяняць сабе не стане".

Пра коштаўтварэнне ў мастацтве: холст, падрамнік і арэнда майстрэрні

Кошты на рынку мастацтва, які ў Беларусі амаль не існуе, фарміруюцца па дамове.

"Любы завод, любая фабрыка, камбінат, таксама як і любы мастак у нашай краіне выстаўляе кошты, сыходзячы з дамовы, то бок, коштаўтварэнне адбываецца стыхійна. Вырашыў мастак сябе любімага так ацаніць — і ацаніў, не факт, што яго за такія грошы купяць", — тлумачыць Рыгор Сямёнавіч.

Нядаўнюю выставу "Восеньскі салон" мастак заве своеасаблівай "ярморкай тщеславия", гэтаксама, як і звычайнага наведвальніка, Саюз усцешылі кошты на некаторыя творы мастацтву, выстаўленыя на продаж моладзю.

"У нас класікі за такія грошы не працуюць, якія патрабавалі маладыя мастакі. Людзі ацэньвалі свае творы ў 300-400 мільёнаў, нічога апроч пацехі гэта не выклікае", — тлумачыць спадар Сітніца і дадае, што ў межах нашых эканамічных варункаў жывапіснае палатно не можа каштаваць менш за тысячу даляраў, то бок 17-18 мільёнаў рублёў.

Менавіта такія кошты прапануе і Мастацкі салон. Апроч асабіста мастацкай якасці твору пры коштаўтварэнні ўлічваюцца і матэрыяльныя выдаткі, якая асабліва вялікая ў скульптуры.

"Скульптура каштуе больш, бо і матэрыяльныя выдаткі буйнейшыя — з бронзы трэба адліць твор, апроч таго — адфармаваць яго, часта прыходзіцца наймаць рабочых. Улічыце дарэчы, колькі мы плацім за свае майстэрні — велізарныя грошы ў параўнанні з жытлом", — тлумачыць нам мастак.

Рыгор Сітніца — член экспертнай камісіі па закупцы твораў мастацтва, якая дзейнічае пры Міністэрстве культуры. Калі музеі прапануюць на закупку творы мастацтва, камісія вырашае, ці варта аддаваць за пэўнага мастака тыя грошы, якіх ён патрабуе.

"Мы рэкамендуем, а той, хто плаціць — Мінкульт, гарадскі ці абласны бюджэт — пагаджаюцца ці не", — распавядае спадар Сітніца. Дарэчы, у тых мастакоў, якім удалося наладзіць сувязь з замежнымі галерэямі, гэтаксама не цалкам лёгкае жыццё — кожны мастак мае пэўныя абавязкі перад галерэяй, якая звычайна бярэ палову ад кошту палатна.

Даведка Sputnik. Рыгор Сітніца — беларускі графік, паэт. Пасля заканчэння шостага класа сярэдняй школы на радзіме, па рэкамендацыі настаўніка перавёўся вучыцца ў Мінск, у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па выяўленчым мастацтве і музыцы імя І. Ахрэмчыка. Пасля паступіў на аддзяленне графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту, які скончыў у 1982 годзе. У 2013 годзе абраны кіраўніком Беларускага саюза мастакоў.

Стужка навiн
0