МІНСК, 19 ліс — Sputnik. Цягам бліжэйшых 73 дзён можна даслаць кнігу на прэмію імя Ежы Гедройца. Гэта незалежная літаратурная прэмія, якая з 2012 года ўручаецца за лепшую кнігу, напісаную на беларускай мове, цягам мінулага году.
Арганізатарамі выступаюць Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і Польскі Інстытут у Мінску.
Да ўдзелу прымаюцца як кнігі, што былі выдадзеныя ў папяровым фармаце, так і электронныя выданні. Твор павінны быць напісаны ў жанрах "мастацкая проза", "эсэістыка" (журы прэміі пакідае за сабой права вызначаць жанр твораў у спрэчных выпадках).
Намінаванне праходзіць у тры этапы. Спачатку абвяшчаецца лонг-ліст прэміі (12 пазіцый), за ім — шорт-ліст (6 пазіцый). Абвяшчэнне і ўшанаванне пераможцы сёлета адбудзецца ў чэрвені. Сярод узнагародаў — магчымасць выдаць кнігу ў Польшчы.