Новы альбом РСП: “Самыя апантаныя фанаткі нараджаюць нам дзяцей”

© SputnikДзяніс Тарасенка
Дзяніс Тарасенка - Sputnik Беларусь
Падпісацца
“Разбітае сэрца пацана” ірвалася, балела і заходзілася ў тахікардыі ў мінскім клубе “Пляцоўка хол”.

Алена Васільева, Sputnik

Гурт "Разбітае сэрца пацана" прадставіў у клубе "Пляцоўка-хол" новы альбом "Пасрэдствам срэдств", запісаны на грошы, што ўдалося сабраць на краўдфандынгавай платформе "Улей". Народ скінуўся грашыма і атрымаў узнагародай свой "народны" альбом, які са сцэны ахарактарызавалі як проста "ваш".

Пад "свой" альбом "пацаны" і "малыхі" ірвалі аорту, скандавалі новыя песні — лірычную пра "Тамагочы" і вострасацыяльную пра "агрэсара", і адчайна патрабавалі спець гіт "Культавы". "Культавы", нарэшце, надышоў, зала аб'ядналася ў адзіным настальгічным парыве, некаторыя прыйшлі сюды ў адмысловым вобразе пацана з разбітым сэрцам і ў класічных "трэніках".

Пасля канцэрта карэспандэнт Sputnik пагутарыў з салістам РСП Дзянісам Тарасенкам пра катэгорыі пошуку і адчаю і актуальнасць мастацтва.

"Тэмы могуць быць рознымі — галоўнае, каб у іх прысутнічала трагічнае каханне. Калі дэталёва прааналізаваць нашыя песні, дык у іх разгортваюцца падзеі, вартыя Шэкспіра. Мы замоўчваем панажоўшчыну, што разгортваецца пасля апісаных у сюжэце падзеяў. Можна ж уявіць, што здарылася з чалавекам, які ўзяў у рукі манціроўку — масты спаленыя. Можна адносіцца да трагедыі па-рознаму — з гумарам ці без яго", — тлумачыць саліст драматызм сюжэтных ліній, што разгортваюцца ў песнях.

Падчас гутаркі пад сценамі Палаца Рэспублікі, у падвале якога і месціцца "Пляцоўка-хол", прыхільнікі, чые разбітыя сэрцы б'юцца ва ўнісон з сэрцамі РСП, падляталі да Дзяніса Тарасенкі з прызнаннямі і за аўтографамі.

"Я гэтую афішу скрала, але мне дазволілі, — прызнаецца прыхільніца, працягваючы салісту афішу для аўтографа. "Вашыя песні надта ўзрушваюць, дзякуй вам за іх, у мяне ў жыцці таксама была драма", — прызнаецца іншая прыхільніца, атрымаўшы аўтограф.

© SputnikПавел Гарадніцкі
Павел Гарадніцкі - Sputnik Беларусь
Павел Гарадніцкі

"Гэта перапоўненыя пакутамі і горам сонгі", — рэзюмуе выканаўца, пакуль фанаты ўхваляюць песню "Деталі" з апошняга альбома. "Деталі" распавядаюць трагічную гісторыю кахання, у якім знікае "прыцяжэнне" — "Но без пряцяжэння межпланетных цел нет ні прыцяжэнья, ні ўсяго, чаго хацеў". Сам Дзяніс кажа, што песні напісаныя ў жанры трагікамедыі і ад канонаў "гэтага жанру намагаемся не адступаць".

"А самыя апантаныя фанаты што рабілі? Падпісаць афішку — гэта не надта брутальна і эпатажна, ёсць увогуле, што ўспомніць?" — пытаемся. Дзяніс запэўнівае, што "апантаныя фанаткі нараджаюць дзяцей — тэлефануюць і кажуць — а я табе нарадзіла. Дзяцей".

"Выбачайце, што перапыняю, але ж не магу не падзяліцца — гэта было, як заўжды, душэўна, крыху анархічна", — да саліста РСП зноў падыходзяць прыхільнікі з прадказальным жаданнем атрымаць аўтограф і проста пагутарыць. "Тамагочы" проста па сэрцы разануў, — прызнаюцца слухачы. — Ды я сам супакоіцца не магу ніяк", — падтрымлівае прыхільнікаў Дзяніс Тарасенка. Самыя верныя прыхільнікі год ад году прыходзяць на канцэрт у трэніках, саліст кажа — калі не бачыць іх у зале, дык закрывае вочы і ўяўляе, што яны побач.

Асаблівы шарм канцэрту надавала месца правядзення. Клуб "Пляцоўка хол" месціцца наўпрост на Кастрычніцкай плошчы, таму песня, напісаная больш за год таму "Што-та не так" надавала мерапрыемству асаблівае канцэптуальнае адзінства. Раней часцей за ўсё РСП абіралі для сваіх канцэртаў "Графіці", новае месца крыху расчаравала — сабраць поўную залу не ўдалося, але ж тыя, хто прыйшлі, былі канцэнтраванай мэтавай аўдыторыяй, вернай і такой адданай, што сэрца балела нават у карэспандэнта Sputnik.

Гурт выступае ў шматлікіх беларускіх гарадах і спяваюць песні на мове нацыі — на трасянке. Тарасенка ўпэўнены, што гэта не проста мешаніна з дзвюх моў, а паказчык менталітэту — не рускага, не беларускага літаратурнага.

"Я лічу, што ўсім беларусам сняцца сны на трасянке. А ўжо ў горадзе яны пераходзяць на літаратурную мову, трэба імкнуцца знайсці ўнутраную гармонію", — рэзюмуе суразмоўца Sputnik. Яшчэ некалькі слухачоў праходзяць побач і пытаюцца пра наступны альбом. "Адкажу максімальна канкрэтна — потым", — кажа Дзяніс і сціпла, не абмінаючы прыхільнікаў, пакідае "Пляцоўку хол".

Стужка навiн
0