МІНСК, 25 ліс — Sputnik. Тры беларускі з чатырох становяцца ахвярамі насілля ў сям'і. У міжнародны дзень супраць гендэрнага насілля Sputnik пагутарыў з Агніяй Асановіч, спецыялістам па сувязям з грамадскасцю ЮНФПА і высветліў, што да таго як беларуская жанчына стане цалкам абароненай, грамадству яшчэ доўга давядзецца эвалюцыянаваць.
"Далёка не ўсе жанчыны гатовыя звярнуцца за дапамогай, калі пацярпелі ад хатняга насілля. Напрыклад, 16,9% баяцца страціць рэпутацыю, то бок, гэта схаваная праблема, пераплеценая з пачуццём асабістага гонару. Жанчына зберагае імідж, асабліва ў выпадку сваёй публічнасці — гэта тычыцца выкладчыкаў, іншых людзей, чыя праца звязана з шырокай публікай. Але ж часцей насіллю падвяргаюцца жанчыны з нізкім узроўнем адукацыі", — тлумачыць статыстыку спадарыня Асановіч.
Яшчэ 15,9% жанчын, што пацярпелі, спадзяюцца, што такая сітуацыя не паўторыцца, і таму не звяртаюцца да псіхолагаў і на гарачую лінію, 13,8% не хочуць нанесці шкоду мужу, 8,5% напалоханыя і лічаць, што зварот па дапамогу можа стаць каталізатарам яшчэ большага насілля.
Мужчыны гэтаксама могуць стаць ахвярамі, але ж больш чым у 80% выпадкаў пакутуе жанчына. Аб насіллі ў дачыненні мужчыны спецыялісты даведваюцца звычайна з ананімных крыніц.
"Насілле можа быць фізічным, сексуальным, псіхалагічным і эканамічным. Мужчыны часцей падвяргаюцца псіхалагічнаму і эканамічнаму насіллю", — тлумачыць Sputnik спецыяліст ЮНФПА.
Для дапамогі ахвярам хатняга насілля створаная гарачая лінія — працуе без выхадных, дзейнічаюць ініцыятывы МУС, мінтруда і сацабароны. На гарачай лініі можна атрымаць кансультацыю і псіхалагічнага, і юрыдычнага характару, пры тым ананімна. Ствараюцца пакоі для ахвяраў, дзе можна жыць некаторы раз разам з дзецьмі — удалечыні ад агрэсара.
Пытанне насілля актуальна і для іншых краін, асабліва Афрыкі і Азіі.
Куды звяртацца за дапамогай.
Агульнанацыянальная гарачая лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту 8-801-100-8-801 (з 8:00 да 20:00, толькі са стацыянарнага тэлефона).
Грамадскае аб'яднанне "Радзіслава" — прытулак для жанчын +375 17 280-28-11. Тэлефанаваць можна кругласутачна: +375 29610 83 55.