МІНСК, 25 ліс — Sputnik. Прэм'ер-міністр Францыі Мануэль Вальс выказаўся за тое, каб ЕС зачыніў сваю мяжу.
"Мы не можам прыняць больш бежанцаў у Еўропе — гэта немагчыма. Калі мы не зробім гэтага, то народ скажа: гэта больш не Еўропа", — заявіў Вальс журналістам, яго словы прыводзіць газета Süddeutsche Zeitung.
Прэм'ер-міністр Францыі аргументаваў сваю прапанову тым, што, паводле папярэдніх дадзеных следства, двое, якія стварылі тэракты ў Парыжы 13 лістапада, патрапілі ў краіну пад выглядам сірыйскіх бежанцаў.
Вальс прапануе спыніць прымаць некантралюемы паток мігрантаў і шукаць вырашэння праблемы разам з краінамі-суседкамі Сірыі: Турцыяй, Ліванам і Іарданіяй.
"У адваротным выпадку, здольнасць эфектыўна кантраляваць свае межы Еўропай будзе пад пытаннем", — падкрэсліў Вальс.
Раней прэм'ер-міністр Францыі ў эфіры радыёстанцыі France Inter заяўляў, што Еўропе патрэбныя дадатковыя меры кантролю за вонкавымі межамі, у адваротным выпадку Шэнген можа абрынуцца. Кіраўнік Кабміна заявіў, што Шэнгенская зона прадугледжвае свабоднае перамяшчэнне ўнутры зоны, але неабходныя трывалыя вонкавыя межы для процідзеяння тэрарызму, кантрабандзе (зброі), нелегальнай міграцыі.
Увечары 13 лістапада ў Парыжы адбылася серыя тэрактаў. Невядомыя адкрылі стральбу ў рэстаране, тры выбухі прагучалі бліз стадыёна "Стад дэ Франс", дзе ў прысутнасці французскага прэзідэнта Франсуа Аланда праходзіў таварыскі матч футбольных зборных Францыі і Германіі. Акрамя таго, на рок-канцэрце ў тэатры "Батаклан" невядомыя ўтрымлівалі закладнікаў. Па апошніх дадзеных, загінулі 132 чалавекі, раненні атрымалі каля 350.
Паводле апошніх звестак прыгранічнага агенцтва ЕС "Фронтэкс" за першыя дзевяць месяцаў 2015-га на тэрыторыю краін Еўрасаюза прыбылі больш 710 тысяч мігрантаў. Еўракамісія заявіла, што цяперашні міграцыйны крызіс у свеце з'яўляецца найбуйнейшым з часоў Другой сусветнай вайны.