БРЭСТ, 25 ліс — Sputnik, Арцём Кір'янаў. Аддаленая чытальная зала Прэзідэнцкай бібліятэкі імя Барыса Ельцына адкрылася ў Расійскім цэнтры навукі і культуры ў Брэсце. Праз яе брэсцкія чытачы атрымалі доступ да больш чым 400 тысяч алічбаваных дакументаў з расійскіх бібліятэк і архіваў.
Як расказала карэспандэнту Sputnik дырэктар цэнтра Алена Маслава, у двух памяшканнях адначасова змогуць працаваць восем чытачоў. Два працоўных месцы размясціліся ў памяшканні бібліятэкі, яшчэ шэсць — на другім паверсе будынка.
З адкрыццём чытальнай залы брэсцкія карыстальнікі бібліятэкі цэнтра атрымалі доступ да электронных фондаў Прэзідэнцкай бібліятэкі Ельцына.
"Ідэя была такая — алічбоўваць матэрыялы, якія знаходзяцца ў найстарэйшых расійскіх архівах і біліятэках, у тым ліку рэгіянальных. Часам бывае так, што нейкая раённая бібліятэка мае такі рарытэт, які не адшукаеш у сталіцах", — падкрэсліла Маслава.
Прагледзець віртуальныя кнігі можна ў двух- і трохвымерным выглядзе. За шэсць гадоў існавання Прэзідэнцкай бібліятэкі яе спецыялісты алічбавалі больш за 400 тысяч тамоў. У тым ліку ўнікальныя дакументы 10 стагоддзя з Цэнтральнага дзяржаўнага архіва старажытных актаў, вайсковых і гістарычных архіваў.
Усе матэрыялы размеркаваны па чатырох катэгорыях: "Улада", "Народ", "Руская мова" і "Тэрыторыя". Фонды бібліятэкі даступны для карыстальнікаў на яе сайце. "Але нашы чытачы маюць доступ да большай колькасці матэрыялаў. Яны абавязкова прыдадуцца навукоўцам, выкладчыкам і студэнтам", — адзначыла дырэктар Цэнтра
Прэзідэнцкая бібліятэка імя Барыса Ельцына адкрылася ў 2009 годзе. Галоўны яе будынак знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу. У Беларусі доступ да фондаў акрамя Брэста можна атрымаць таксама ў Мінску.