МІНСК, 26 ліс — Sputnik. Нават выкшталцоны знаўца тэатральнай культуры зможа заблытацца ў праграме фестываля "Тэатральны куфар". Гэтым годам фестываль ладзіцца ўжо дванаццаты раз, вядома, калі без тэатру вы адчуваеце сабе недачалавекам, големам без ангю ў душы, дык пойдзеце на ўсе пастаноўкі. Калі ж наведваць "Куфар" зможаце толькі набегам, дык скарыстайцеся нашым гідам па фестывалі, які Sputnik склаў з дапамогай куратара праекта Дар'і Шульгі. Sputnik папрасілі спадарыню Шульгу абраць пяць спектакляў, без якіх "Куфар" быў бы няпоўным.
"Ноч Гельвера" (Інгмар Вілквіст, рэж. Дзмітрый Цішко)
БДУ прадстаўляе тэатр "На балконе". Спектакль распавядае пра антысеміцкія дзеянне 38-га года. Прэм'ера ўжо адбылася ў тэатры "На балконе", які мае сваю публіку, але ж яго аўдыторыя невялікая, масаваму гледачу спектакль пакуль не дэманстравалі.
Пра што спектакль. Што можа быць страшней і небяспечней натоўпу? Гісторыя жанчыны і адсталага ў развіцці хлопца, якога яна ўзяла на выхаванне. Два чалавекі жывуць у сваім свеце, дзе Яна працуе, даглядае, навучае і выхоўвае яго, Ён гуляе з салдацікамі, малюе і часам, па яе просьбе, ходзіць у краму.
Спектакль распавядае пра падзеі адной з лістападаўскіх начэй 1938 года. У тую ноч па загадзе Гітлера пракаціліся антысеміцкія пагромы. Дзясяткі. Сотні. Тысячы забітых і скалечаных людзей. З-за неспыняючагася звону разбітага шкла вітрын і акон гэтая ноч ўвайшла ў гісторыю пад назвай "Крыштальная Ноч".
Дзе: ліцэй БДУ
Калі: 30 лістапада, 19:00
"Вій", (М. Гогаль, рэж. Вячаслаў Сашчэка)
Мінчукі ўжо купляюць квіткі на "Вія" — гэта спектакль БДУКІ. Шмат хто любіць Гогаля, таму на яго "Вія" ў беларускім варыянце ідуць ахвотна.
Пра што спектакль. "Страшэнны жарт" — так можна б было вызначыць жанр гэтага спектакля. У пастаноўцы захаваны традыцыйны гогалеўскі сюжэт: семінарыст Хама Брут, абаронены магічным кругам, тры ночы чытае малітвы ля труны забітай ім ведзьмы, якая штоноч паўстае з мёртвых.
Аднак у спектаклі няма традыцыйных ўкраінскіх касцюмаў і практычна няма дэкарацый. Галоўнае ў ім — гульня святла, ценяў і гукаў чалавечага голасу, якія дапамагаюць акцёрам і гледачам паглыбіцца ў хорар-гісторыю. Сучасная тэатральная мова робіць спектакль зразумелым кожнаму гледачу.
Дзе: ліцэй БДУ
Калі: 2 снежня, 18:00
"Э.К.А."
(Па п'есе "Насенне" М. Пецігроў, рэж. Герда Сургаўтайтэ)
Жаночы монаспектакль літоўскага тэатра Creators of Аree Air. Беларусы ўжо гатовыя ўспрымаць монаспектакль, мы адыходзім ад класічных пастановак. Сапраўдныя аматары тэатра даўно пабачылі свае першыя монаспектаклі на фестывалях, дзе менавіта пастаноўкі такога жанра найбольш часта сустракаюцца. Прычына простая: прывезці монаспектакль значна прасцей, чым везці ўсю трупу.
Пра што спектакль. Працятая чорным гумарам, гэта пастаноўка — спроба знайсці глыбінны сэнс, часам у зусім вар'яцкіх пошуках.
Гэта не толькі гісторыя пра Э.К.А (экстракарпаральнае апладненне), колькі чуллівае падгляданне за думкамі і жыццём чатырох розных жанчын. Іх пакуты і чаканне, мары і рэальнасць, "свае і чужыя", узлёты і падзенні.
Дзе: ліцэй БДУ
Калі: 2 снежня, 22:00
"Дэмакратыя"
(І. Бродскі, рэж. Станіслаў Галадніцкі)
Спектакль пастаўлены па Бродскаму, да нас прыедзе прафесійны тэатр… Раней у "Куфары" не ўдзельнічалі прафесійныя тэатры, толькі студэнцкія, гэтым годам адбыліся змены. Мы прымаем да сябе ўсе моладзевыя спектаклі.
Пра што спектакль. "Дэмакратыя" Іосіфа Бродскага, п'еса-памфлет, напісаная больш за 20 гадоў таму, не страціла сваёй балючай актуальнасці. Тут сапраўдныя палітычныя лялькаводы прыкрываюцца зручнымі ідэямі-шырмамі, калі раптоўна спускаецца ўказанне абвясціць народу аб увядзенні дэмакратычнага рэжыму. У персанажаў п'есы, па вялікім рахунку, няма твару — яны хлусяць самі сабе, падмяняючы сваё меркаванне рэакцыяй хамелеона.
Дзе: ліцэй БДУ
Калі: 4 снежня, 18:00
"Пайсці і не вярнуцца"
(В. Быкаў, рэж. Андрэй Саўчанка)
Спектакль Акадэміі мастацтваў — людзі, якія зацікаўленыя беларускай гісторыяй, пэўна, будуць ураджаныя. Акцёры — студэнты акадэміі, спектакль ужо ездзіў на фестывалі, цяпер яго пакажуць у нас.
Пра што спектакль. Вайна. Яна. Ён. Ёй па заданні трэба перайсці тэрыторыю ворага. Яна ідзе. Ён спяшаецца ёй на дапамогу. Сам. Без дазволу. Спяшаецца, таму што ейнае жыццё для яго найважнейшае. Яна прымае, спачатку ягоную дапамогу. Пасля ягоныя пачуцці. Але вайна прымушае іх выбіраць. Іх выбар — розны. Ён упэўнены ў сваім выбары. І яна мусіць яго прыняць.
Мусіць? Ці не? На што яны здольныя, каб абараніць свой выбар? Як далёка яны гатовыя пайсьці? Пайсьці… І не вярнуцца?
Дзе: ліцэй БДУ
Калі: 4 снежня, 20:00