БРЭСТ, 26 ліс — Sputnik, Арцём Кір'янаў. Шосты том актаў Віленскай археаграфічнай камісіі прыняла ў дар Брэсцкая абласная бібліятэка.
Мецэнат выкупіў рэдкае выданне з прыватнай калекцыі ў Гродне. Як расказаў карэспандэнту Sputnik загадчык кафедры славянскіх народаў Брэсцкага дзяржуніверсітэта Аляксандр Вабішчэвіч, шосты том актаў Віленскай археаграфічнай камісіі мае для Брэстчыны асаблівую каштоўнасць.
Кніга заканчвала публікацыю дакументаў Берасцейскага ваяводства, сабраных ва 2-5 тамах.
"Шосты том змяшчае дакументы чатырох гарадскіх судоў, а таксама судовых органаў Кобрына і Камянца, якія, як і Брэст, карысталіся Магдэбургскім правам", — адзначыў Вабішчэвіч.
Па словах навукоўца, рэдкае выданне вельмі карысна для навукоўцаў, гісторыкаў, краязнаўцаў і нават юрыстаў. Вабішчэвіч лічыць, што кніга можа быць узорам для сучаснага справаводства.
Памочнік генеральнага дырэктара групы кампаній "Санта Імпэкс Брэст" Вольга Матусевіч паведаміла, што шосты том актаў кампанія выкупіла ў гродзенскага калекцыянера.
"Ён звярнуўся да аднаго з нашых супрацоўнікаў. Калекцыянер не сказаў нам, дзе знайшоў гэтую кнігу, і збіраўся выставіць яе на аўкцыён. Але, напэўна, ён падумаў, што для Брэсцкай вобласці будзе карысна, калі яна застанецца тут. Наш генеральны дырэктар вырашыў перадаць выданне ў дар бібліятэцы", — распавяла Матусевіч.
Віленская археаграфічная камісія была створана ў 1864 годзе. Яе галоўнай мэтай была публікацыя архіўных дакументаў па гісторыі Праваслаўнай царквы і манастыроў. Туды траплялі архівы скасаваных кляштараў і касцёлаў.
Таксама ў акты камісіі ўвайшлі дакументы Літоўскага трыбунала і дакументацыя ўсіх чатырох губерняў, на якія ў той час была падзелена тэрыторыя сучаснай Беларусі.