МІНСК, 30 ліс — Sputnik. Мінчукі здрадзілі ўсім магчымым сталічным барам дзеля "Свабоды, 4", між тым месца гэтае намоленае пакаленнямі паэтаў і мастакоў горада. За некалькі стагоддзяў да таго, як на плошчу Свабоды за віном і іншымі каталізатарамі творчага настрою пайшлі сучаснікі, тут бавілі час Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Станіслаў Манюшка, Ян Чачот. Гаворка пра старую цукерню пана Эйснера, што месцілася акурат на плошчы недалёка ад Ратушы.
На самой плошчы Свабоды ў 19 стагоддзі размяшчаўся комплекс Гасцінага двара са шматлікімі магазінамі, пограбамі ды гарбатнымі пакоямі. Пра Гасціны двор два стагоддзі таму пісалі так: "Быў напоўнены лепшымі магазінамі ды лаўкамі. У падвальных памяшканнях мясціліся галантарэйныя, маскательныя і фруктовыя лаўкі".
Да сярэдзіны 19 стагоддзя тут мясцілася кафейня, праўда, яе было прынята зваць "цукерняй". Акрамя добрага настрою, важным атмасферастваральным элементам цукерні было віно.
Да аматараў віна ў сталіцы адносіны былі больш чым цярплівыя: да рэвалюцыі тут дзейнічаў "Указ пра пакаранні з боку міравых суддзяў". Указ гаварыў наступнае: "За недастатковы дагляд за п'яным, што не мог быць без відавочнай небяспекі прадстаўленым самому сабе, уладары піцейных падвяргаюцца грашоваму спагнанню да пяці рублёў".
"Мінск: стары і новы" паведамляе наступную статыстыку піцейных устаноў у Мінску:
"Піцейны гандаль. У 1912 годзе ўсіх устаноў для продажу алкаголю было ў Мінскай губерні 1727 (на 18 больш, чым у 1911); у тым ліку: казённых вінных складоў 7, казённых вінных крам — 546, дробязных крам з продажу казённага віна — 10, аптовых складоў піва — 68, рэйнскіх скляпоў — 107, скляпоў рускіх вінаградных вінаў — 21, тракцірных устаноў — 119, піўных крам — 660, буфетаў — 59, буфетаў на вечарах з дабрачыннай мэтай — 63, устаноў для вырабу разынкавага віна — 13, устаноў для вырабу воцату — 2, часовых выстаў — 52".