МІНСК, 30 ліс — Sputnik. Міністэрства па падатках і зборах з 1 па 27 снежня 2015-га правядзе рэкламную гульню, у межах якой разыграе прызы па чэках за набыццё тавараў або паслуг у шэрагу гандлёвых цэнтраў Беларусі.
Гульня пройдзе ў гандлёвых цэнтрах сталіцы "Замак", "Экспабел", "Новая Еўропа", у Брэсце ў ёй будзе ўдзельнічаць ГЦ "Лагуна", у Гродне — ГЦ Old City, у Слуцку — "Маяк".
"Пакупнікі пры набыцці любых тавараў у гэтых гандлёвых цэнтрах могуць зарэгістравацца ў якасці ўдзельніка гульні з дапамогай SMS-паведамлення або праз сайт МПЗ", — растлумачылі ў міністэрстве.
Удзельніку рэкламнай гульні будзе неабходна прадставіць свае асабістыя дадзеныя і дадзеныя аб касавым чэку. Прызы будуць разыгрывацца штотыдзень, у канцы акцыі адбудзецца розыгрыш рэкламнага прыза.
У МПЗ падкрэслілі, што рэгістрацыя для ўдзелу ў рэкламнай гульні ва ўсіх формах — бясплатная.
Плануецца, што ў рамках акцыі будуць разыграны ў кожным ГЦ штотыдзень па пяць прызоў у памеры 1,25 мільёна рублёў, фінальныя прызы складуць па пяць мільёнаў рублёў.
Якая павінна быць мінімальная сума ў чэку, ва ўмовах гульні не ўдакладняецца. Таксама ў паведамленні ведамства не тлумачыцца, з якіх крыніц будзе фінансавацца выдзяленне грашовых прызоў.
У той жа час у МПЗ адзначаюць, што такія акцыі, накіраваныя на фарміраванне ў грамадзян падатковай культуры ў частцы выпатрабавання пакупнікамі касавых чэкаў пры набыцці тавараў, паслуг і работ, праводзяцца штогод напярэдадні навагодніх святаў.