Алена Васільева, Sputnik.
Падчас вучобы ва ўніверсітэце мы з сяброўкай трапілі ў Нью-Ёрк. Гэта былі першыя глыткі такой чаканай і апетай у амерыканскiм эпасе дэмакратыі. Наўпрост пасярод "Цэнтрал парка" пабачылі мітынг. Перша-наперш, вядома, у галаве замігцела лямпачка, што сігналізуе небяспеку — тыповая такая беларуская лямпачка. Але, агледзеўшыся і ўспомніўшы пра акаляючую нас татальную дэмакратыю, мы пайшлі ў самы гушчар пратэста — далучыцца да барацьбы, удыхнуць водар змагання.
Бунтавалі там, праўда, супраць закрыцця нейкай кафэшкі, але ж, паўтаруся, водар пратэсту…
Мiтынг з размахам меншым, чым "за нейкую кафэшку", адбыўся каля БДУ 2 снежня.
Калі адкінуць дэкларуемыя афіцыйныя прычыны студэнцкай незадаволенасці, дык атрымаем адну і самую праўдзівую — бунтавалі таму, што ведалі: не забаронена. Гісторыя беларускага студэнцкага супраціву сканала ненароджанай.
Сваёй згодай ісці на дыялог студэнтаў нават амаль блаславіў рэктар. У апошні момант, праўда, адмовіўся гутарыць — "з прычыны магчымых правакацый". Але ж бацькам дома акцыю можна было прадставіць у фармулёўцы — там будзе нават рэктар, усё нармальна, мам! Рэктар, праўда, планаваў размаўляць не на вуліцы, а ў аўдыторыі, але тое інтэр'ерныя дэталі.
У 1960-х студэнцкія бунты ахапілі ўсю Еўропу, тады змагалiся за студэнцкае самакіраванне, за змену прыарытэтаў у выкладанні — то бок, за магчымасць нармальна вучыцца.
Акцыя пратэсту #студентыпротив — унікальны выпадак, калі студэнт выступае за магчымасць не вучыцца. Гэта было б смешна, калі б не было ахутана водарам рэвалюцыі, з якім усё, як вядома, становіцца лепшым, нават трэцяя пераздача.
У некаторым сэнсе беларусам нават пашчасціла — у нашага студэнцтва штогод з'яўляецца процьма шанцаў праявіць салідарнасць, грамадзянскую актыўнасць ды адказнасць. Студэнты час ад часу скардзяцца на прыцісненні за палітычную афарбаванасць, на размеркаванне — столькі прыгожых прычынаў для абурэння, але ж пратэставаць пачалі, толькі калі гаворка пайшла пра вечныя каштоўнасці: 37 тысяч рублёў — за залік, 53 — за іспыт, 945 — за курсавую.
Галоўны аргумент тых, хто прыйшоў пад сцены БДУ — платныя пераздачы прымусяць выкладчыкаў штучна "валіць студэнтаў". Неяк апрыоры апускаецца той факт, што большасць выкладчыкаў — папросту годныя людзі. А гэтаксама і факт таго, што шмат у якіх еўрапейскіх універсітэтах плаціць трэба не за пераздачу, а нават за саму магчымасць здаць іспыт.
Некалі інтэрнет абляцеў скрыншот, дзе студэнт БДУ пісаў: "Я горжЮсь, что учусь в БГУ". Гэта была другая ў рэйтынгу ганебнасці памылка. Узначальвае рэйтынг сораму БДУ ўчорашні выклік рэктара, акадэміка, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, навукоўца ў галіне інфармацыйных і касмічных тэхналогій — "на ковёр". Лепей бы вы ўжо пісалі "Я горжЮсь БГУ".