МІНСК, 7 сне — Sputnik. Мабільная бібліятэка з'явілася ў вагонах мінскага метро. Два вагоны на Аўтазавадской лініі і яшчэ два — на Маскоўскай — цяпер поўняцца кніжнымі шафамі, праўда — мабільнымі. Афармленне вагонаў — проста мара рэтраграда: тут і карціны на сценах, і вытанчаныя састарэлыя вазачкі на полках і непасрэдна кнігі.
Праект запусцілі сумесна мабільны аператар МТС і Bookmate. Плануецца, што праект будзе жыць бліжэйшыя паўгады, каб мінчукі, што ў метро прывязаныя да смартфонаў, маглі замест сацсетак наведаць віртуальную бібліятэку. Зараз па метро ездзяць вагоны з дзіцячай літаратурай і з класікай, але ж хутка да іх далучацца вагоны з дэтэктывамі і з бестсэллерамі. Дарэчы, кнігі нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч можна спампаваць у вагоне з класікай ужо зараз.
Першыя тры дні можна будзе спампаваць кніжкі з Bookmate бясплатна, потым прыйдзецца заплаціць 1 950 руб. за дзень карыстання віртуальнай бібліятэкай. Менавіта стваральнікі Bookmate займаюцца падборам літаратуры, якую змогуць чытаць мінчыкі ў падземцы.
Прэс-сакратар кампаніі МТС Таццяна Курбат падкрэслівае, што стваралі вагоны-бібліятэкі з альтруістычнымі манерамі — маўляў, надта шмат мінчукоў не здольныя адарвацца падчас паездкі ў метро ад смартфонаў, а кнігазварот скарачаецца год ад году. Гэтым годам продаж кніг знізілася на 20 адсоткаў. Мабільны аператар вырашыў прадэманстраваць, што гаджэты можна аб'яднаць з літаратурай: на мабільны тэлефон можна спампаваць кніжку, а пасля яшчэ і зрабіць сэлфі на фоне утульнай бібліятэкі пад зямлёй.
Sputnik чакаў пабачыць у вагонах-бібліятэках ажыятаж, але ж мінчукі да мабільных кніжак аднесліся ў вышэйшай ступені спакойна. Між тым, стваральнікі бібліятэчнага праекта заклікаюць не проста чытаць у метро, а далучыцца да акцыі #читаюгдехочу — рабіць сэлфі з любімымі кнігамі і дзяліцца імі з сецівам.