МІНСК, 7 сне — Sputnik. Выступаючы перад прадстаўнікамі дыпламатычнага корпусу, Апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроцці прачытаў два вершы па-беларуску. Дыпламаты пачулі ўрывак з верша "Успамін" Валярыны Куставай і верш Валянціны Аксак "Ніхто…" у выкананні апостальскага нунцыя Клаудыё Гуджэроцці.
Нунцый завяршае сваю дыпламатычную місію ў Беларусі.
"Абіраючы вершы, нунцый кіраваўся выключна ўласным мастацкім густам. У першым вершы гаворка ідзе пра матылька, у вобразе якога нунцый пабачыў беларускі народ, кволы і знясілены. Ягоная ўласная місія была ў тым, каб падтрымаць краіну, што знаходзілася ў фактычнай ізаляцыі падчас пэўных непаразуменняў з захадам. Ён намагаўся падтрымаць беларусаў", — сказалі Sputnik у нунцыяце.
Другі верш ілюструе самаўспрыманне беларусаў. Да таго ж утрымлівае ўспамін пра дранікі, нунцый кажа, што смак дранікаў — гэта ягоны асабісты ўспамін пра Беларусь.
Апошнія чатыры гады Клаудыё Гуджэроцці прадстаўляў Ватыкан у Беларусі. Новая яго місія — служэнне ва Ўкраіне.
12 снежня ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі адбудзецца святая імша з удзелам арцыбіскупа. Удзел у набажэнстве прымуць беларускія біскупы, шматлікія святары і вернікі розных канфесій.