МІНСК, 8 сне — Sputnik. Экспазіцыя казачных скульптур "Полюс холаду" з лёду адкрылася ў сталічным гандлёвым цэнтры ALL, у невялікім пакоі пры тэмпературы ў мінус дзесяць градусаў гледачы змогуць убачыць сапраўдныя творы мастацтва, абсталяваныя спецыяльнай падсветкай.
"Кожная з фігур робіцца ўручную. Вага асобных экспанатаў дасягае некалькіх тон", — распавёў Sputnik кіраўнік студыі ледзянога мастацтва Nice Аляксей Аўсейка.
Паводле яго слоў, над стварэннем усёй экспазіцыі працавалі каля 30 чалавек на працягу двух месяцаў. Для гэтага ім спатрэбіліся дзесяткі тон лёду, з якімі потым працавалі скульптары.
Удзел у адкрыцці пакоя прынялі і беларускія палярнікі. Навуковец Юрый Гігіняк, які не раз пабываў на Паўднёвым полюсе, заўважыў, што ў той час як беларускія заваёўнікі льдоў будуюць у Антарктыдзе першую айчынную станцыю, частка гэтага суровага свету стала даступнай і тут.
"Шкада толькі, што ёсць рознае звяр'ё і нават царскі трон з паштовай скрыняй, а пінгвінаў, сапраўдных насельнікаў Паўднёвага полюса — не", — пажартаваў Гігіняк.
Уваход у "ледзяны пакой" вольны для ўсіх. Ён будзе працаваць аж да 16 студзеня.