“Нобель” у барах – чаму ў беларусаў варта забраць Facebook

© Sputnik / Марина СеребряковаМінчукі слухаюць лекцыю Алексіевіч у бары "Хуліган"
Мінчукі слухаюць лекцыю Алексіевіч у бары Хуліган - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Пакуль у сацсетках высвятлялі, што не так з Алексіевіч, у васьмі барах і вольных прасторах, дзе трансліравалі прамову лаўрэата “нобелеўскай”, ёй апладзіравалі стоячы. Надышоў час прызнаць – у нас проста трэба адабраць Facebook.

Алена Васільева, Sputnik

Прамову нобелеўскага лаўрэата ад Беларусі ўзяліся трансліраваць у васьмі барах і вольных прасторах Мінску. Карэспандэнт Sputnik за сваім кавалкам народнай салідарнасці завітала ў бар "Хуліган" на Кастрычніцкай вуліцы — з былога завадскога памяшкання адкрываўся від на залю Шведскай каралеўскай акадэміі.

З'яўленне сярод прысутных прадстаўніка міліцыі выклікала непакойства — "Ой, а вы да нас навошта?" Але ж міліцыянт небяспекі не ўяўляў — толькі пастаяў крыху разам з усімі перад экранам. Прысутныя пераканаліся, што небяспекі няма, а салідарнасць у бары — татальная.

Лекцыю Алексіевіч слухалі моўчкі і нават не замаўляючы "латэ", адсутнасць гуку кава-машыны — верны паказчык павагі да спікера, хай ён і знаходзіцца за два гадзінныя паясы ад аўдыторыі. Калі лекцыя скончылася, вялікаму беламу экрану апладыравалі так, нібыта Нобелеўскі лаўрэат і праўда быў здольны чуць падтрымку.

© Sputnik / Марына СерабраковаУ бары "Хуліган"
У бары Хуліган - Sputnik Беларусь
У бары "Хуліган"

Мы звыкліся з фразай "свет больш ніколі не будзе ранейшым", але кажам яе звычайна пасля катастрофы. Мы казалі "свет больш ніколі не будзе ранейшым" зусім нядаўна — пасля тэрактаў у Парыжы. Падавалася, што гэтую фразу нарэшце можна прамовіць у пазітыўным кантэксце — нобелеўская прамова звязала завадское памяшканне на Кастрычніцкай са Стакгольмам. І хай, прадстаўляючы Алексіевіч, яе зноў назвалі прадстаўніцай "Vitryssland", а не Беларуси, у сваёй прамове яна ўпісала беларускага Алеся Адамовіча ў шэраг з Ніцшэ і Тэадорам Адорна.

Лекцыя скончылася, на Кастрычніцкай Алексіевіч сабрала свае авацыі і дастаткова было абнавіць ленту "Фэйсбука", каб зразумець — свет застаўся ранейшым. Нацыю не з'яднала нават Нобелеўская прэмія, на лекцыю нобелеўскага лаўрэата мы працягваем рэагаваць так, як на статусы ў сацсетках — падзяляцца на "лайк" і на "супраць". Пэўна, не варта было крыўдзіцца год таму на камічнае "что-то не так" на плошчы Леніна — можа, гэта і ёсць адзіная магчымая для нас філасофія.

© Sputnik / Марына СерабраковаПрамову глядзяць ва Ў-бары
Прамову глядзяць ва Ў-бары - Sputnik Беларусь
Прамову глядзяць ва Ў-бары

У сацсетках актыўна дэманстравалі, што "чырвоны чалавек" унутры беларуса і эвалюцыянаваў вонкава: калі раней народ шукаў ворага, дык зараз ставіцца да свету з меншай насцярожанасцю і шукае папросту падвоху — але ж з не меншым імпэтам. Падвох шукалі і ў нобелеўскай прамове. Экспертаў у нобелеўскіх лекцыях узнікла безліч: прамова напісаная не на той мове; у прамове гаворыцца не пра тую эпоху; эпоха абраная нармальна, але гаворыццы пра яе не так; у прамове не закранаецца становішча сучаснай Беларусі; аўтар шмат увагі надае сваёй асобе; сукенка абраная няверна, etc.

Пакуль у сеціве абмяркоўвалі, што не так з Алексіевіч, у "Хулігане" замаўлялі піва/каву і разважалі пра тое, як белая пляма Беларусі засвяцілася на мапе Еўропы нібы пад ультрафіялетам.

"Чакаць чагосьці ад прамовы нобелеўскага лаўрэата? Гэта прынамсі дзіўна. Мне падаецца, цудоўная прамова, я глядзела на твары тых, хто тут сабраўся — дваццацігадовыя хлопцы і дзяўчаты, відавочна, шмат чаго не ведалі з таго, пра што яна гаварыла, я бачыла, як яны былі ўражаныя", — падзялілася з карэспандэнтам агенцтва Марыя Бершанская, дзіцячая пісьменніца.

"Яна праўдзівы чалавек і патлумачыла — маці — з Украіны, бацька — з Беларусі, сама Алексіевіч не ўяўляе сябе без картэжу рускай культуры, неяк аддзяліць ад сябе любую з гэтых частак было б няшчыра з яе боку. Алексіевіч такая, якая ёсць — ну паглядзіце, нягледзячы на дрэс-код, яна не апранулася ў доўгую сукенку, а засталася сабой", — дадала іканапісец Ціша Ангелава, якая таксама глядзела прамову ў "Хулігане".

Некалькі чалавек за барнай стойкай абмяркоўвалі, што да "Нобеля" пра кнігі "пра Чарнобыль ды вайну і не чулі, зараз пачытаю". Выведзеныя з сеціва ў афлайн, беларусы аказаліся здатныя прайсці галоўнае выпрабаванне — ушанаваць таго, каго прызналі на міжнародным узроўні, справіцца з гэтай стагоддзямі невырашальнай для нас задачай.

Для тых, каго непакоіць, чаму ў прамове не было сказана пра Беларусь, узгадаем: нобелеўскі лаўрэат выступіць з двума лекцыямі. Першую — вялікую нобелеўскую лекцыю, ён зачытвае 7 снежня, у ёй распавядае пра сваё асабістае крэда і лейтматыў творчасці. З лекцыяй пра свет і месца Беларусі ў ім Алексіевіч выступіць 10 снежня падчас цырымоніі ўзнагароды нобелеўскіх лаўрэатаў.

Стужка навiн
0