МІНСК, 8 сне — Sputnik. Першая дзяржаўная гасцініца для жывёлаў запрацуе ўжо ў снежні. Месціцца яна будзе на вуліцы Гурскага, сумна вядомай за тутэйшы пункт утрымання бяздомных собак ды катоў. Такую іронію шмат хто лічыць надта ж горкай — побач з асуджанымі на ўсыпленне жывёламі будуць утрымлівацца тыя, чые ўладары з'ехалі, напрыклад, у адпачынак.
"Галоўны мінус новай гасцініцы ў адрасе — яна будзе месціцца зусім побач з прытулкам на Гурскага, дзе хворых і бяздомных жывёлінаў усыпляюць. Свайго сабаку я б туды не аддала", — распавядае для Sputnik Алеся Палуян, уладар прыватнай гасцініцы для катоў і сабак ZOOHOTEL.BY.
Заснавальнікі дзяржаўнага заагатэля абяцаюць, што за суткі ўтрымання трэба будзе плаціць толькі 150 тысячаў рублёў, а гэта меней, чым у большасці прыватных гасцініцаў. Акрамя пражывання, прапануюць і іншыя паслугі: спартыўна-кіналагічны цэнтр, курсы для ўладальнікаў сабак байцоўскіх пародаў, выставы хатніх жывёлаў. Тут жа размесціцца ветэрынарная аптэка, заамагазін.
У прыватных гатэлях кошты вышэйшыя, але ж там пастаяльцы адназначна без увагі не застануцца.
"Суткі ўтрымання сабакі каштуюць 170 тысячаў рублёў, для котак — 80 тысячаў. У нас невялікая гасцініца, максімальная колькасць сабак, якіх можам прыняць — дваццаць. Звычайна штодзень прымаем каля сямі жывёлінаў. Чым іх меней, тым лепш — так можна даць належную ўвагу кожнаму сабаку", — распавядае спадарыня Палуян.
Суразмоўца Sputnik кажа, што, каб зрабіць дзяржаўны гатэль канкурэнтаздольным, варта займець валанцёраў, якія б былі замацаваныя за жывёлінамі, каб ніводная не засталася без увагі.
Як і ў прыватных гатэлях для жывёлаў, ежа не будзе ўключаная ў рахунак — яе гаспадароў сабак і котак просяць набываць асабіста, каб падчас утрымання ў гасцініцы рацыён хатніх любімцаў не адрозніваўся ад таго, да якога яны прывыклі дома.