Алена Васільева, Sputnik
Звычайна адзін раз на год — падчас "Еўрабачання", а гэтым годам — двойчы (дадалася Нобелеўская прэмія) у беларусе
абуджаецца філосаф. Галоўныя пытанні нацыянальнай філасофіі аднолькавыя для "Еўрабачання" і "Нобеля".
Пытанне: ці таго паслалі?
Правільны адказ: не, не таго.
Еўрабачанне. На "Еўрабачанні" беларусы абкатваюць праект "чэсных выбараў": апошнія некалькі гадоў рашэнне, каго паслаць на конкурс, прымалі і члены журы, і самі гледачы, гэтым разам усю адказнасць за выбар паклалі на беларуса — абірай што хочаш. Калі вынікі галасавання аказваюцца сфальсіфікаванымі (намагаліся паслаць Ланскую замест "Лайстсаунд"), абараніць беларуса і правільнага канкурсанта можа сам прэзідэнт.
Вынікі дэмакратычнага галасавання, праўда, дэманструюць, што "абіраць мы не ўмеем".
Нобель. У нас адабралі "чэсныя выбары" — мы ўвесь час трывала ведалі, што раз на год маем права абраць свайго смелага, прыгожага героя, які ці то ў кожы, ці то з дыскаболам — але абароніць гонар краіны. Нобелеўскага лаўрэата выбралі за беларуса, і беларус абураны — "зноў не таго паслалі", гэтым разам — на "Нобеля".
Пытанне: які нумар мы хочам?
Правільны адказ: слёзы і стразы
Еўрабачанне. Алёна Ланская адбівала гонар краіны нагамі, Тэа абараняў яго ў касцюме, Калдун — пластыкай, Аляхно — у скачку, Елфімаў — голасна, Віннікава — светавымі цымбаламі. Раз пораз беларусы намагаюцца здагадацца, што гэтым годам спадабаецца Еўропе — аскетычнасць ці стразы — і раз пораз не здагадваецца.
Нобель. Тут усё падпарадкавана пратаколу, але нас прывучылі да нумароў рознай ступені пышнасці і таму з'яўленне Алексіевіч на трыбуне з лекцыяй пра сваю творчасць выклікала абурэнне — слёзаў над пакутамі Беларусі не было, дэкальціраванай сукенкі — таксама. Самы відовішчны кульбіт, якога дачакаліся ад Алексіевіч — кубак гарбаты, адным словам, з нумарам не ўгадалі, народу не спадабалася.
Пытанне: колькі нам гэта каштавала?
Еўрабачанне. На Калдуна змарнавалі 0,8-1,5 мільёны даляраў, на Алехно — яшчэ болей, чым на Калдуна, а на гурт "3+2" — 70 тыс. даляраў. "Litesound" назбіралі з фанатаў 200 тысячаў даляраў.
Часам, значэнне матэрыяльнага дасягала гістарычных максімумаў — калі Агурбаш выйшла ў сукенцы за 40 тыс. долараў — яна засталася адзінай беларускай, што з'ездзіла ў Еўропу за свой (мужавы) кошт.
Нобель. На напісанне нобелеўскай прамовы дзяржава не выдаткоўвалася, роўна як і не плаціла за пералёт Алексіевіч да Стакгольма.
Пытанне: якая тэматыка творчасці?
Еўрабачанне. Беларусы паспрабавалі ўсё: яны абіралі кананічную для "Еўрабачання" тэматыку любові (Анжаліка Агурбаш, "Love me tonight"), калі тое не спрацавала — пераарыентаваліся на любоў да радзімы (Анастасія Віннікава, "I love Belarus"). Калі не спрацавала і такая патрыятычная любоў, сталі пасылаць песні, змест якіх не да канца атрымлівалася зразумець ("Салеа" Ланской і "Чызкейк" Тэа) — пэўна, каб паміж Беларуссю і Еўропай заставалася пэўная недасказанасць.
Нобель. Чарнобыль, вайна ў Афганістане, проста вайна і канец "чырвонага чалавека". Тэматыка нобелеўскай лекцыі Алексіевіч цалкам супала з тэматыкай яе творчасці, але гэта выклікала абурэнне грамадскасці. Патлумачым "нобелеўку" праз "Еўрабачанне": калі б тэматыка прамовы адрознівалася ад тэматыкі кніжак, над якімі лаўрэат працавала апошнія сорак гадоў, гэта было б… ну, як калі б удзельнік на паўфінале заспяваў адну песню, а у фінале — іншую.
Пытанне: ну, то яшчэ пагаворым?
Правільны адказ: толькі нядоўга
Еўрабачанне. Калі б Беларусь хоць аднойчы стала пераможцам "Еўрабачання", масштаб гэтага конкурса для краіны дасягнуў бы галактычных масштабаў. Але ж за ўсю гісторыю сенсацыі не здараецца, традыцыйна, ужо праз дзень нават цэнтральныя каналы пра ўдзел у "самай галоўнай музычнай падзеі года" не ўспамінаюць.
Нобель. Трэба ведаць: беларуская душа патрабуе не паўнавартаснага героя, а аб'екта для кароткачасовага гонару, якому можна было б пакланяцца строга абмежаваны адрэзак часу. Нобелеўская прэмія правакуе беларусаў на нязвыклыя душэўныя высілкі — вось два месяцы прайшло з моманту ўручэння прэміі, а пра яе ўсё гавораць і гавораць.
Пытанне: дзе можна паглядзець?
Еўрабачанне. Тэлеканал "Беларусь-1", прамы эфір. Трансліраваць цырымонію ўручэння Нобелеўскай прэміі Алексіевіч, а гэтаксама яе прамову Белтэлерадыёкампанія адмовілася з афіцыйнай фармулёўкай — "У сувязі з наяўнасцю пэўных арганізацыйна-тэхнічных, фінансавых і прававых пытанняў, Белтэлерадыёкампанія не планавала набыццё правоў на прамую трансляцыю цырымоніі Нобелеўскай прэміі за 2015".
Нобель. "Белсат", пасольства ЗША ў Мінску, а акрамя таго — з дзесятак бараў і вольных прастораў сталіцы. Беларусы аб'ядналіся ў флэшмоб #нобельразам — і глядзяць трансляцыі са Стакгольма ва ўсіх магчымых кропках краіны. Класічны тэзіс "Еўрабачання" — "жэстачайшэ засудзілі па палітыцы" трансфармаваўся ў назвыклы — "жэстачайшэ ўзнагародзілі" — таксама па палітыцы.
Пытанне: а які галоўны прыз?
Еўрабачанне. Крыштальны мікрафон.
Нобель. Залаты медаль з выявай Альфрэда Нобеля, грашовы прыз (8 мільёнаў шведскіх кронаў) і міжнароднае прызнанне.