МІНСК, 10 сне — Sputnik. Законапраект "Аб занятасці насельніцтва" прадугледжвае норму аб тым, што дзяржава будзе кампенсаваць некаторым катэгорыям наймальнікаў выдаткі на атрыманне вопыту работы маладым супрацоўнікам, паведаміла журналістам у чацвер дэпутат Зінаіда Мандроўская.
Беларускія дэпутаты разглядаюць у першым чытанні законапраект "Аб занятасці насельніцтва".
"Упершыню ў Беларусі можа быць прынятая норма, калі дзяржава будзе даплочваць наймальніку, які плануе ўзяць на працу маладога спецыяліста, пэўную суму для атрымання ім вопыту работы", — заявіла журналістам намеснік старшыні Камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Мандроўская.
У сувязі з гэтым яна патлумачыла, што, як правіла, наймальнікі даюць аб'явы пра тое, што ім патрабуюцца супрацоўнікі з вопытам работы, і маладыя супрацоўнікі, якія атрымалі адукацыю, але не маюць вопыту практычнай працы, адчуваюць праблемы з працаўладкаваннем.
Па словах Мандроўскай, прыняцце гэтага законапраекта дасць магчымасць вырашыць праблему працаўладкавання маладых кадраў. Дэпутат удакладніла, што законапраектам прадугледжваецца, выплата дзяржавай такіх субсідый прадпрыемствам, з якімі камітэты па працы і занятасці будуць заключаць дагаворы. Яна адзначыла, што гаворка ідзе пра тэрмін даплат дзяржавай на працягу года і ў памеры ад 50% ад заробку маладога спецыяліста.
Мадроўская падкрэсліла, што законапраект прадугледжвае таксама іншыя інавацыйныя нормы, накіраваныя на спрашчэнне працаўладкавання грамадзян ва ўмовах магчымых скарачэнняў на прадпрыемствах.
Паводле яе слоў, у законапраекце закладзена норма аб тым, што дзяржава будзе часткова фінансаваць перанавучанне супрацоўнікаў, якія могуць патрапіць пад скарачэнне, таксама прадугледжваецца норма аб дзяржаўным фінансаванні навучання жанчын, якія знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку і да яго ніколі не працавалі і не маюць спецыяльнасці.
Кажучы пра тое, што ў законапраект аб занятасці ўнесена больш за 10 нормаў, якія створаць больш спрыяльныя ўмовы пошуку працы і працаўладкавання, дэпутат сказала, што "чалавек сам павінен шукаць працу. Атрымліваецца так, што цэнтры па працаўладкаванні накіроўваюць чалавека на працу, а прапановы аб працаўладкаванні не задавальняюць".
На яе думку, новы законапраект дасць магчымасць скараціць беспрацоўе. "Беспрацоўе летась расло, але ўжо стабілізавалася, паказчыкі выраўнены", — сказала дэпутат.