МІНСК, 10 сне — Sputnik. Актывісты вырашылі самастойна абараніць рэдкую хвою ў Віцебскім раёне, паведамляе партал "Народныя навіны Віцебска".
Унікальнае дрэва расце каля вёскі Бібіраўка. Некалькі дзён таму на хвоі з'явілася ахоўная шыльда са словамі "Адна з самых высокіх хвой Беларусі… Ахоўваецца народам".
Дрэва называюць у народзе "Ведзьміна лапа". Паводле легенды, хвоя прыняла незвычайную форму пасля таго, як у яе селянін адсек лапу ведзьме-пярэваратню. Згодна з паданнямі, менавіта таму ў хвоі крона складаецца з сямі самастойных ствалоў.
Дрэву каля 300 гадоў, яно дасягае ў вышыню 28 метраў, у ахопе — 1,4 метра.
Некаторыя старадаўнія дрэвы ў рэспубліцы маюць дзяржаўны ахоўны статус, аднак "Ведзьміна лапа" такога не мае, таму актывісты і вырашылі абараняць спадчыну свайго раёна самастойна.