Алена Васільева, Sputnik.
Першая літаратурная прэмія для дзіцячых літаратараў мае абмежаванні — падаць кнігу да ўдзелу могуць толькі беларускамоўныя аўтары.
ПЭН-цэнтр аб'явіў пра з'яўленне ў Беларусі літаратурнай прэміі Цёткі. Новая літаратурная прэмія будзе давацца за найлепшую беларускую кнігу для дзяцей і падлеткаў, а гэтаксама за найлепшае афармленне. Заснавальнікі прэміі — беларускі ПЭН-цэнтр і дабрачынны фонд "Вяртанне".
Адзін з арганізатараў прэміі Уладзь Лянкевіч распавёў карэспандэнту Sputnik, чаму лаяльны да рускамоўнай літаратуры ПЭН-цэнтр вырашыў размежаваць дзіцячых пісьменнікаў па моўным крытэрыі.
"Нам і не хацелася б звяртаць увагу на моўнае пытанне — куды лепей было жыць у краіне з раўнапраўем моў, дзе ўсе людзі валодаюць абедзьвюма і жывуць пры тым спакойна, такая сабе ідылічная Швейцарыя. Але сітуацыя іншая — кола беларускамоўных вузкае, асабліва ў буйных гарадах, цэнтрах культуры і бізнесу. І ў такой сітуацыі захады па падтрымцы мовы мусяць рабіцца", — тлумачыць пазіцыю аргкамітэта прэміі спадар Лянкевіч.
Лянкевіч лічыць, што ў сітуацыі, калі школы амаль не займаюцца прасоўваннем беларускай літаратуры, дык ці не адзіная магчымасць навучыць дзяцей мове — даваць ім адпаведныя кнігі з маленства.
"Па-беларуску навучаюцца паўтара адсоткі дзяцей — гэта неверагодна нізкія лічбы, на мяжы з хібнасцю. Гэта пафасныя словы, маўляў, за дзецьмі нашая будучыня, але ж гэтым прынцыпам мы і кіруемся", — распавядае для Sputnik спадар Лянкевіч.
Рускамоўны пісьменнік Андрэй Жвалеўскі, аўтар знакамітай пародыі на знакамітага "Гары Потэра" — "Поры Гатар", не абураны такімі правіламі прэміі.
"Відавочна, што дзве мовы краіны не раўнапраўныя, таму беларускамоўныя пісьменнікі вартыя падтрымкі, да таго ж, тыя, хто піша па-руску, маюць магчымасць удзельнічаць у расійскіх конкурсах. Я атрымліваў не адну расійскую прэмію, а вось беларускамоўныя пісьменнікі нібыта загнаныя ў гета і не маюць магчымасці распавесці пра сябе свету", — распавядае Жвалеўскі ў размове з карэспандэнтам Sputnik.
Два першых тома "Поры Гатэра" выйшлі накладам у 100 тысячаў экземпляраў і распаўсюдзіліся далёка за межамі Беларусі. Жвалеўскі кажа, што арганізатары літаратурных прэмій час ад часу намагаліся запісаць яго ў "рускія аўтары з Масквы", але ж пісьменнік пастаянна выпраўляў — "беларускі з Мінска".
"Усіх цікавіць толькі тое, ці добрая кніга — на якой мове яна напісаная і дзе нарадзіўся аўтар — гэта значна менш важныя рэчы. У мяне ёсць знаёмыя рускамоўныя аўтары, што жывуць у Аўстрыі, Галандыі, Коста-Рыцы — сур'ёзны крытык і чытач ніколі не будзе разбірацца, да якой краіны належыць аўтар. Тым больш, у гэтым не будуць разбірацца падлеткі — а менавіта пра дзіцячую літаратуру ідзе размова — яны і на імя аўтара могуць не звярнуць увагу, галоўнае — каб было цікава", — тлумачыць сваю пазіцыю Жвалеўскі.
Між тым ён пацвярджае — добры аўтар заўсёды можа стаць своеасаблівым паслом Беларусі ў свеце, добра, калі свет дазнаецца пра краіну Беларусь таму, што сустрэўся з добрым пісьменнікам, які з яе паходзіць. Але ж гэта, упэўнены пісьменнік, палітычнае, а не літаратурнае пытанне.
Сааўтар Жвалеўскага — дзіцячая пісьменніца Яўгенія Пастэрнак распавяла карэспандэнту Sputnik, што некаторыя свае кнігі і радая была б перакласці на беларускую мову, але ж выдавецтва да гэтага ставяцца не надта ахвотна. Пераклад кнігі "Гімназія 13" зрабіла сама Раіса Баравікова, а вось знайсці выдаўца, які б узяўся надрукаваць тыраж, складаней.
"Мы прапаноўвалі кніжку амаль ва ўсе мінскія выдавецтвы, але ж тое нікому не трэба. Бібліятэкі просяць — дайце нам кніжкі для падлеткаў на беларускай мове, але выдавецтвы знаходўяцца ў такой складанай эканамічнай сітуацыі, што не бяруцца за тое, што не змогуць распаўсюдзіць вялікім тыражом", — распавядае пісьменніца.
Нядаўна з прапановай беларускага перакладу звярнуліся да Віктара Радзькова — не так даўно ён выдаў сваю першую кнігу дзя дзетак — "Андрюша и Бузяки". Радзькоў кажа, што да ідэі адносіцца станоўча і з не меншым імпэтам успрыняў бы прапанову перакласці "Андрюшу" і на кітайскую, і на любую іншую перспектыўную мову. А вось падзел беларускіх аўтараў па крытэрыі мовы яго засмучае.
"Мне цяжка прадставіць, каб у Галандыі зрабілі дзіцячую кніжкую прэмію для тых, хто піша выключна на фламандскай мове. Мне здаецца, было б правільна зрабіць адну беларускую дзіцячую прэмію, чалавек, які адчувае сябе беларусам, можа жыць і ў Аўстраліі, і нават нядобра валодаць мовай — хіба толькі мова робіць нас беларусамі?" — тлумачыць сваю пазіцыю Радзькоў.
Але ж арганізатары Прэміі Цёткі апелююць да таго, што беларускамоўны аўтар і без таго сутыкаецца на сваім літаратурным шляху з безліччу бар'ераў, таму прэмія закліканая хоць крыху палегчыць яго існаванне ў свеце неўраўнаважанага білінгвізму.
"Колькі ўсяго пішацца? Якім накладам выдаецца? Мы ў палоне расійскага кніжнага рынку, 80% кніжак у нашых кнігарнях — прывазныя, калі не больш. Натуральна, што падтрымка айчыннай дзіцячай літаратуры для нас важная ў такіх умовах, гэта трэба разглядаць не як падзел, а як магчымасць папулярызацыі мовы, пазбягаючы палітызацыі", — тлумачыць сваю пазіцыю Лянкевіч і ўспамінае Ганса Хрысціяна Андэрсана — пісьменніка, чыем імем названая буйнейшая літаратурная прэмія за дзіцячыя кнігі ў свеце.
Данія, дзе жыў пісьменнік, мела афіцыйнай мовай нямецкую — на ёй размаўляў дзяржапарат і кожны, хто хацеў бы трапіць у вышэйшыя колы. Андэрсан жа свядома рабіў выбар на карысць дацкай мовы, калі гаворка ішла пра напісанне казак для дзецей.
"Не хацелася нікога пакрыўдзіць, агучваючы такую ўмову конкурсу, але ж часта чалавек, які працуе з беларускай мовай, на ўсіх этапах — ад выдання да распаўсюду — сутыкаецца з праблемамі. Мы дагэтуль сустракаем моўнае цуранне, як у 19 стагоддзі", — распавядае Лянкевіч пра нюансы жыцця беларускамоўнага аўтара і дадае, што толькі за першы дзень існавання прэміі да арганізатараў патрапіла больш за дзесяць заявак ад беларускамоўных аўтараў, то бок, літаратура, напісаная на першай дзяржаўнай мове краіны, не такая ўжо і закінутая.