МІНСК, 11 сне — Sputnik. Мінскі метрапалітэн абверг інфармацыю аб тым, што з 15 снежня ў сталіцы павышаецца кошт праезду ў грамадскім транспарце, прычым тарыф на праезд у метро будзе вышэй, чым на наземным транспарце.
У пятніцу ў сацсетках пачала распаўсюджвацца інфармацыя аб тым, што ў Мінску з 15 снежня пачнуць дзейнічаць новыя тарыфы на праезд у грамадскім транспарце. Яны складуць 5 000 рублёў для наземнага транспарту і 5,5 тысяч — для метро. Пры гэтым у гэтую сераду дырэктар ДУ "Сталічны транспарт і сувязь" Васіль Шкуратаў заявіў аб тым, што плануецца павышэнне кошту праезду ў грамадскім транспарце Мінска. Паводле яго слоў, новыя тарыфы ўжо распрацаваны.
"Паведамленні аб тым, што з 15 снежня пачнуць дзейнічаць новыя тарыфы — гэта плёткі. Так, пэўныя дакументы рыхтуюцца, але калі яны будуць прынятыя і наколькі канкрэтна будуць павышаны тарыфы, пакуль сказаць нельга", — паведаміў Sputnik прэс-сакратар Мінскага метрапалітэна Андрэй Кузьмін.
Ён растлумачыў, што рашэнне аб павышэнні кошту праезду ў Мінску прымае Мінгарвыканкам.
Пры гэтым Кузьмін заўважыў, што калі б тарыфы сапраўды павышаліся з 15 снежня, пра гэта было б афіцыйна абвешчана загадзя.
"Канкрэтнага часовага прамежку аб тым, за колькі часу трэба аб'яўляць аб увядзенні з пэўнай даты новых тарыфаў, не існуе. Але дакладна не бывае так, каб, напрыклад, 14 снежня абвясцілі, а 15 снежня — ужо падвысілі", — сказаў Кузьмін.
Адказваючы на пытанне Sputnik аб тым, ці сапраўды кошт праезду ў метро будзе адрознівацца ад кошту праезду на наземным транспарце, прэс-сакратар метрапалітэна заўважыў, што сталічная "падземка" нясе зусім іншыя выдаткі, чым аўтобусныя, тралейбусныя і трамвайныя паркі. Таму ён не выключыў, што тарыф на адну паездку ў метро можа быць сапраўды вышэй, чым на іншых відах транспарту.