МІНСК, 11 сне — Sputnik. Бурыя мядзведзі ў беларускіх лясах з-за анамальна цёплага надвор'я могуць і не залегчы ў спячку ў гэтым годзе, заяўляюць у Бярэзінскім запаведніку.
Некалькі гадоў таму беларускія мядзведзі пабілі 20-гадовы рэкорд па працягласці зімовай спячкі, залеглі ў бярлогі ў снежні, а прачнуліся ў сярэдзіне красавіка.
"Снегу і маразоў няма. І, вядома, мядзведзі яшчэ не залеглі ў бярлогі. Як толькі наступіць па-сапраўднаму зімовае надвор'е, яны адразу ж лягуць у зімовую спячку", — паведаміў Sputnik у пятніцу намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце дзяржаўнай прыродаахоўнай установы "Бярэзінскі біясферны запаведнік" Валерый Іўковіч.
Паводле яго слоў, позняя восень і першая дэкада ў Беларусі ў сёлета выдаліся цёплымі, касалапыя ў гэты час добра сілкаваліся — салодкімі пажыўнымі карэннямі, ягадамі.
"Яны нагулялі шмат тлушчу для доўгай зімовай спячкі і гатовыя залегчы ў бярлогі, але снегу ўсё няма", — патлумачыў Іўковіч.
Ён таксама распавёў, пра тое, што мядзведзі стаміліся ад бясснежнага надвор'я, аб чым кажуць іх паводзіны.
"Яны ўжо не такія актыўныя, як летам ці ранняй восенню. Павольна ходзяць па лесе", — сказаў суразмоўца агенцтва.
Іўковіч таксама паведаміў, што беларускія мядзведзі ўжо прывыклі залягаць спаць пасля новага года, але ад капрызаў прыроды яны не сталі агрэсіўнымі. Навукоўцы лічаць, што міралюбівы характар беларускіх бурых мядзведзяў сфармаваўся ад таго, што на іх не палююць.
Распавядаючы пра іншых насельніках лесу, якія павінны залягаць у зімовую спячку, Іўковіч паведаміў, што, не чакаючы снегу, залеглі ў норы "прагматычныя барсукі".
"Яны яшчэ ў кастрычніку нацягалі сабе ў норы лісця і салодка спяць, не рэагуючы на капрызы надвор'я. Нашыя фотапасткі зафіксавалі моманты падрыхтоўкі барсукоў да спячцы", — сказаў суразмоўца агенцтва.
Паводле яго слоў, у адрозненне ад барсукоў, янотападобныя, з-за свайго клапатлівага характару, некалькі разоў за зіму прачынаюцца і зноў залягаюць у норы.
Самая вялікая папуляцыя беларускіх мядзведзяў жыве ў Віцебскай вобласці, на тэрыторыі якой і размяшчаецца Бярэзінскі запаведнік. Усяго ў Беларусі жыве 100-120 мядзведзяў. Буры мядзведзь занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.