Алена Васільева, Sputnik
Святлана Алексіевіч загаварыла са светам па-беларуску падчас сваёй прамовы ў Блакітнай зале, і інтэрнет-супольнасць, што амаль зрабіла з нобелеўскага лаўрэата антыбеларускую пісьменніцу, супакоілася. Алексіевіч дазволілі насіць неафіцыйны тытул гонару нацыі.
Рэакцыя Facebook на прамову Алексіевіч 7 снежня:
Рэакцыя Facebook на прамову Алексіевіч 10 снежня:
Карэспандэнт Sputnik успамінае гісторыю інтэрнэт-дараванняў па-беларуску: хто і як патрапіў на небяспечныя вагі "свой-вораг-свой".
Міхалок і дараванне праз "Родны край"
Што даравалі: качалку замест змагання.
І замест "Воинов света" мы пачулі ад Міхалка — "Вот летит, вот летит, вот летит грач, ты не бей его ногой, бей ногой мяч". Інтэрнэт-суполка была настроена рашуча, аб'явіла Міхалка ілжэпрарокам і пакуль экс-Ляпіс трэніраваўся ў зале, Facebook трэніраваўся ў гумары рыфмаваў "грач-мяч-клатч".
Праз паўгады Міхалок зноў выпусціў альбом пра змаганне і паабяцаў, што не будзе больш строіць з сябе Агнію Барто. Facebook прыніжана замоўк — спампоўваць новыя песні нядаўна экс-героя было неяк няёмка, мы ж толькі што сказалі, што Сярожа — дурань і песні яго — лайно. Але ж спампавалі, паслухалі пра "Родны край" і пераканаліся — герой не сышоў, мы неяк паспяшаліся з рэзюме.
Facebook, каб не прызнаваць, што памыліўся, папросту ўсё выбачыў.
Курэйчык і дараванне праз "Вышэй за неба"
Што даравалі: "любоў-маркоў".
Курэйчык быў паспяховым сцэнарыстам, аўтарам сцэнароў для "Любовь-морковь", "Юленькі", "Ёлак" і іншых касавых расійскіх камедый. У 2012 годзе замест Гошы Куцэнка ў курэйчыкаўскім фільме "Вышэй за неба" з'явіліся маладыя беларускія акцёры, да таго ж, загучаў "Ляпіс", да таго ж, вакол фільма ўзнік скандал — адным словам, з небяспечнай катэгорыі "працуе на Расію" Курэйчык перайшоў у бяспечную катэгорыю "свой", і добра.
Дарафееў і дараванне праз эміграцыю
Што даравалі: працу на дзяржаўным тэлебачанні.
Дарафееў атрымаў выбачэнне за супрацу з дзяржканторай праз смелыя паводзіны падчас эфіру ў ноч выбараў-2010. У выніку Дарафееў вымушаны быў пакінуць Беларусь і з'ехаць напачатку ва Ўкраіну, потым — у Чэхію.
Кожны, хто аддаляецца ад Беларусі тэрытарыяльна, адразу атрымлівае арэол бездакорнасці. Нават Ягора Хрусталёва, экс-вядоўцу ОНТ, падчас працы у Маскве, час ад часу ласкава называлі "наш Хрусталёў", а Аляксандр Зімоўскі са старшыні НГТРК ператварыўся проста ў адыёзнага персанажа. Што ўжо казаць пра Дарафеева, які бездакорным стаў яшчэ на месцы.
Аляксандр Кулінковіч і дараванне праз панк-рок
Што даравалі: калонкі ў "СБ. Беларусь сегодня".
Кулінковічу не прыйшлося доўга прыкладаць намаганні, каб атрымаць дараванне ад інтэрнет-грамадскасці. Ён папросту працягваў спяваць свае шчырыя песні са сцэны Re:public і іншых і пісаць калонкі ў дзяржпрэсу — "СБ. Беларусь Сегодня". Ён нават распавядаў анекдоты ў сумніўным часопісу "Taxi", але ж лідару "Нейра Дзюбель" інтэрнет усё выбачыў — Кулінковіч застаўся Кулінковічам нават у "СБ".
Алексіевіч і дараванне праз мову
Што даравалі: не высветлена.
Сітуацыя са Святланай Алексіевіч за пачатку была незразумелай — здаецца, беларуска атрымала "нобеля", без павагі ставіцца да сістэмы, але ж гаворыць на "паганай расейскай". Пасля нобелеўскай лекцыі пісьменніцы, што была прачытана па-руску і пра "чырвонага чалавека", а не пра пакуты беларускага і на роднай мове, грамадскасць вырашыла — вагі хіснуліся да боку "чужы". Алексіевіч зарабіла індульгенцыю падчас сваёй банкетнай прамовы, дзе ўспомніла і Быкава, і Адамовіча, і нават загаварыла па-беларуску. Facebook супакоіўся — і ўсё ж такі, яна — наша.