Алена Васільева, Sputnik
Гэтым разам той самы космас, які ў сваёй зямной інкарнацыі завецца Ромам і Станіславам Андрэевічам, нечакана загаварыў не толькі пра каханне, але і пра палітыку. Канцэрт пачаўся з падзякі і віншаванняў нобелеўскаму лаўрэату Святлане Алексіевіч, а пасля чаргі старых любімых песень, пад якія дзяўчаты на танцполе біліся ў прыступу шчасця і цягнуліся да Стаса, каб "даць пяць", Akute зайгралі песню, што прысвяцілі ўкраінскім сябрам.
"Калі б я застаўся з табой, калі б я астаўся жывы", — спяваў Мытнік гэтым разам не пра абстрактнае каханне, а пра азмрочанае вайной. Раней адзінае, што звязвала гурт з грамадска-палітычнымі абставінамі, была беларуская мова — калі ў беларусі рок-гурт спявае па-беларуску, у галаве спрацоўваюць механізмы, што класіфікуюць яго як "палітычна афарбаваны".
Між тым падчас канцэрта высветлілася, што Akute могуць казаць пра Алексіевіч ці пра вайну ва Украіне, і ўсё роўна застануцца беларускамоўнымі рамантыкамі, палітычна неангажыраванымі, як чыстае мастацтва. То бок, Akute крышачку як Пугач: яны могуць спяваць што заўгодна і на любой мове — усё зразумеюць, што гаворка пра нешта непадзеленае.
Назваўшы канцэрт "Усё павернецца", музыкі адыгралі песні з усіх трох альбомаў, часам — крыху змененыя. Каб канчаткова пераканаць публіку, што тое, што даўно мінула, можа вяртацца зноў, нават зайгралі "Яшчэ адзін шпіталь" — варыяцыю на сваю старую песню — "Шпіталь". Ну і якая тут палітыка, чыстая канцэнтраваная рамантыка па нотах.
"Памятайце пра свае карані, пра сваю кроў", — заклікае Рома Жыгараў, і публіка разумее, што зараз будзе "Кроў бы вада" і больш не скача, а ўскідвае рукі ўгару. Здаецца, прысутныя ведаюць словы кожнай песні гурта, што нават з прызнанымі рок-легендамі здараецца не заўсёды. За столікамі — старэйшая публіка, яны не вар'яцеюць, як дзяўчаты пад сцэнай, і хіба толькі ціхенька плачуць пад "Прамяні".
Бачачы такі прыём, музыкі дзякавалі, выкідалі ў залу мікрафон, падалі на сцэне, дзяўчынкі пад сцэнай таксама былі гатовыя падаць і пазбаўляцца пачуццяў, але ўсё ж трымаліся і проста ўскідвалі над галовамі тэлефоны з ліхтарыкамі.
Адыграўшы канцэрт, гурт выйшаў да фанатаў, каб цярпліва рабіць з імі сэлфі і, калі трэба — некалькі дубляў. Было незразумела, хто каго любіць больш — ці то натоўп аматараў музыкі магілёўскага гурта, ці то яны — прыхільнікаў. На танцполе ўсталявалася татальная ўзаемнасць.
Учора пачаўся тур Akute па Украіне, першы горад, у які прыехаў магілёўскі гурт — Львоў. Самі музыкі прызнаюцца, што ва Украіну іх цягнула даўно.
"Украіна блізкая нам па духу, але яны і адрозніваюцца ад нас — адкрытыя, энергічныя, вельмі заражаюць нас на канцэртах — ад іх неверагодная аддача. Даўно хацелі зрабіць украінскі тур, радыя, што, нарэшце, гэта атрымаецца", — распавёў саліст Стас Мытнік.
Самых адданых фанатаў, якія адстаялі чаргу на паўгадзіны за аўтографам, музыкі таксама спадзяюцца ўбачыць у Львове — прыхільнікі Akute могуць не толькі запампаваць у плэер песні пра сцены, пра кроў і пра шчасце, але і паехаць за групай у тур.