МІНСК, 25 сне — Sputnik. Сталічная Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе кіроўцам Мінска на навагоднія святы замест асабістага аўтамабіля карыстацца пры паездках па горадзе грамадскім транспартам, паведамілі Sputnik ва УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.
У святочныя дні — на Каляды і Новы год — інспекцыя будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме.
"Пры наведванні мерапрыемстваў у цэнтральнай частцы горада сталічная Дзяржаўтаінспекцыя раіць кіроўцам скарыстацца грамадскім транспартам", — сказалі ў ДАІ.
У інспекцыі таксама паведамілі, што вадзіцелям не варта забываць аб тым, што не дапускаецца кіраваць аўтамабілем у стане алкагольнага ап'янення.
"Не азмрочвайце святочны настрой ні сабе, ні іншым удзельнікам дарожнага руху", — падкрэслілі ў ДАІ.
У інспекцыі паведамілі, што супрацоўнікі ДАІ будуць забяспечваць бяспеку дарожнага руху на ўсіх ключавых скрыжаваннях і магістралях Мінска, асаблівую ўвагу яны нададуць месцам правядзення святочных мерапрыемстваў.