Алена Васільева, Sputnik
Беларусы захапляюцца архітэктурай малых еўрапейскіх гарадкоў: тур у еўрапейскі city цалкам можна змяняць на уік-энд у любым правінцыйным town. Між тым падарожжы на Любаншчыну (Мядзельшчыну, у Ельск ці Бешэнковічы) параўнальнай папулярнасцю не карыстаюцца. Карэспандэнт Sputnik пагутарыла з дэканам факультэта архітэктуры БНТУ Армэнам Сардаравым і высветліла, як надаць глянцу Любані (Мядзелю, Бешэнковічам, Ельску) і якія памылкі на гэтым шляху да светлай архітэктурнай будучыні нельга паўтараць.
"Развіццё любой мясцовасці павінна быць звязана з гісторыяй і з кліматам краю. Архітэктура — гэта не будаўніцтва домікаў, а арганізацыя асароддзя з улікам патрабаванняў чалавека. Пачынаеш займацца архітэктурай — падумай, а як тут жыла бабуля ці прабабка, як яны глядзелі на возера і лес", — тлумачыць спадар Сардараў.
Памылка 1: "Паставілі домік — і жыві"
— "Паставілі домік — і жыві" — гэта не архітэктура. Калі мы кажам пра асяроддзе новых гарадкоў, павінны першым чынам думаць пра інфраструктуру, добра арганізаваныя дарогі, тратуары, паркоўкі.
Дастаткова заехаць у некаторыя нашыя катэджныя гарадкі пад Мінскам, і мы пабачым, як дамы стаяць, нібыта закрытыя анклавы — нават без тратуараў за межамі забораў. У гэтым плане варта скарыстацца амерыканскім вопытам засваення прасторы, пры якім спачатку ствараецца інфраструктура.
У Штатах ёсць асобны накірунак бізнесу — дэвэлапмент. Дэвелаперы спачатку выкупаюць гектары зямлі, плануюць там інфраструктуру і толькі пасля прадаюць ўчасткі. І таму, калі мы бачым амерыканскі гарадок, адчуваем утульнасць. А мы пасля таго, як збудавалі вялізныя дварцы, думаем пра тое, як пракласці там дарогу. Гэты неэстэтычна, супярэчыць ландшафту, пазбаўляе цэльнасці.
Памылка 2: змешваць сакральнасць з гандлем
— У архітэктуры павінныя захоўвацца паняцці пра грамадскія і прыватная зоны. Кожная мясцовасць патрабуе грамадская прасторы для аб'яднання людзей, і гэты закон аднолькавы і для буйных, і для маленькіх гарадоў.
У сацыялістычным грамадстве былі адны грамадскія зоны — помнік Леніна, плошча, на якой праводзіліся дэманстрацыі. Цяпер месцам прыцягнення людзей сталі гандль і забавы. Мы ўвайшлі ў грамадства спажывання, але, праектуючы гарадское асяроддзя, трэба ўлічыць, што спажыванне не павінна быць мэтай. Самы яскравы прыклад парушэння гэтага закона — цэнтр Мінска.
Раней мы хадзілі на плошчу Леніна, а зараз — пад яе, у гандлёвы цэнтр "Сталіца". Фантан з бусламі не стаў прывабным месцам для мінчукоў, адзіная магчымасць пабачыць на плошчы людзей — завітаць сюды напярэдадні мессы ў касцёле. У выніку — да аістаў чалавек не імкнецца, ад Леніна адмовіліся, патрэбная іншая сакральная кропка прыцягнення.
Такая тэндэнцыя пераносу акцэнтаў на спажывецтва — гэта не добра і не дрэнна, гэта папросту асаблівасць сучаснага жыцця. Людскія патокі будуць скіраваныя на кропкі гандлю, але ж трэба, каб у горадзе былі і сакральныя кропкі, і яны павінныя быць разведзеныя з кропкамі гандлю, бо іначай менавіта вітрыны магазінаў будуць успрымацца як свяшчэнныя артэфакты. Для архітэктара праца з асяроддзем — гэта прапрацоўка сцэнарыя. Ён павінен прадумаць, куды чалавек павярне галаву і што там пабачыць.
Памылка 3: бачыш помнік — зруйнуй
— Архітэктар абапіраецца на гісторыю. У Беларусаў ёсць добры арыентыр — фармат мячтэчка, то бок, пераходны стан паміж горадам і сялом, што сумяшчала ў сабе гандль і рамесніцтва. Мястэчкі мелі асаблівую архітэктуру, домікі былі двухпавярховымі, на другім паверсе жыў рамеснік, на першым змяшчалася крама, гандлёвая зона. Сакральнай кропкай мястэчка была царква. Асобна — рынак, зона са сваёй атмасферай.
Гэтыя асаблівасці захаваліся ў Браславе, Радашковічах, некаторых іншых гарадках. Калі нам хочацца архітэктурнай унікальнасці, трэба шукаць такія гістарычныя адметнасці, на якія можна абаперціся пры праектаванні сучасных гарадоў.
Традыцыя павінная захавацца, функцыя былых пабудоваў можа мяняцца. Калі пры Саветах тое быў клуб, які раз на тыдзень арганізоўваў танцы, яго трэба пакінуць, але пераабсталяваць іначай. Варта захаваць элементы традыцыйнай клультуры — я надта люблю невялікія музеі з традыцыйнымі рамёствамі, што ўзнікалі на вёсках, такія архітэктурныя акцэнты гэтаксама варта захоўваць.
Я не бяруся даваць рэцэпты — маўляў, давайце тут збудуем помнік Скарыне, а тут — Вітаўту. Але ж у адным упэўнены — нельга ламаць помнікі,каб не скаціцца ў мінулае: у Старажытным Рыме было прынята ламаць помнікі мінуламу імператару з прыходам новага. Нядаўна я размаўляў з калегам, манументалістам Крываблоцкім, які скардзіўся, што ягоныя мазаікі ламаюць, замазваюць, бо на іх выяўленыя будаўнікі камунізму. Але ж самая назва "манумент" паходзіць ад слова monumentum, moneo — памятаць.
Памылка 4: не скарыстоўваць ландшафтныя перавагі
Мы маем несапсаваную прыроду і цудоўнае мінулае. Калі ў старых капіталістычных краінах усё распрадана і разбіта, дык дзякуючы нашаму калхознаму мінуламу вялікія часткі зямлі не забудаваныя, цэльныя. Да таго ж, мы маем мяккі клімат, цудоўны рэльеф, шмат лясоў — гэта дае забудове рэгіёнаў асаблівыя перспектывы.
Памылка 5: не звяртаць увагі на новыя тэхналогіі
Варта весці працу па пабудове энергаэфектыўных дамоў, супрацоўнічаць з фірмамі, што займаюцца распрацоўкай новых матэрыялаў. Гэтак, у Беларусі стартаваў 12-ы Міжнародны архітэктурны студэнцкі конкурс "Праектаванне Мультыкамфортнага дома Ізовер 2016". Заданне конкурсу — распрацаваць праект энергаэфектыўнай комплекснай забудовы жылога раёна "Чырвоны Двор" пад Брэстам.