Imagine Dragons упершыню загучалі па-беларуску

© Photo : Прадастаўлена арганізатарамі канцэртуАмерыканскі гурт Imagine Dragons
Амерыканскі гурт Imagine Dragons - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Гурт Navi запісаў беларускую версію песні "Radioactive" амерыканцаў Imagine Dragons, якія выступяць у "Чыжоўка-Арэне" 22 студзеня.

МІНСК, 28 сне — sputnik. Асноўную частку беларускага тэкста папулярнага гіта, які атрымаў "Грэмі 2014", стварыла мінская школьніца Алена Койстра.

Алене 16 год, яна навучаецца ў 11 класе СШ № 30 горада Мінска. Дзяўчына з'яўляецца прыхільніцай Imagine Dragons з 2013 года. Яе варыянт перакладу быў абраны са 130 работ, якія даслалі фэны гурта на абвешчаны арганізатарамі конкурс беларускіх перакладаў. І цяпер менавіта яна сустрэнецца з музыкамі Imagine Dragons у Мінску ў дзень канцэрта.

"Я люблю Imagine Dragons за іх стыль, за іх думкі, за тое, як яны ставяцца да навакольнага свету. Яны размаўляюць з гледачамі пра важныя рэчы цягам канцэртаў, дапамагаюць людзям па-за межамі сцэны, удзельнічаюць у дабрачынных акцыях. Але галоўнае — гэта іх музыка: энергічная, абуджаючая, прыемная. Музыка, якую немагчыма слухаць фонам. У яе занураешся, спрабуеш асэнсаваць", — распавядае Алена.

Абраць пераможцу і запісаць кавер арганізатары канцэрта папрасілі мінскі гурт Navi. На рахунку набіраючага папулярнасць калектыва два студыйных альбомы і кампліменты ад крытыкаў. 14 лютага яны зайграюць першы вялікі сольны канцэрт у клубе Re:Public, а 22 студзеня, у дзень мінскага выступу Imagine Dragons, Navi стануць адзіным беларускамоўным фіналістам нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне".

"Imagine Dragons маюць свой стыль, свой падыход. Мне здаецца, што галоўная фішка гурта ў эмоцыях, у энергетыцы — глядзіш на іх жывыя выступы і проста мурашкі па скуры", — адзначае адзін з вакалістаў гурта Navi Арцём Лук'яненка.

"У сваёй версіі мы хацелі зрабіць акцэнт на меладычнасць песні і беларускай мовы. Перакладаў на конкурс прыйшло вельмі шмат! Мы абралі варыянт Алены, бо ён добра пасаваў да музыкі. Да таго ж яна лепш за іншых патрапіла ў эмоцыю песні, у настрой. Натуральна, што мы нешта паправілі і дапрацавалі, але агулам яна зрабіла выдатную працу", — дадае музыка.

Ідэя акцыі з перакладамі тэкстаў у тым, каб самі Imagine Dragons і прыхільнікі гурта ў розных краінах пачулі "Radioactive" на беларускай. Менавіта гэта кампазіцыя прынесла калектыву "Грэмі 2014" у намінацыі "Лепшае рок-выкананне". Спасылку на відэа арганізатары мінскага канцэрта ўжо адаслалі ў ЗША мэнэджмэнту гурта.

Амерыканскі гурт Imagine Dragons выступіць у Мінску 22 студзеня ў "Чыжоўка-арэне" ў межах сусветнага турнэ "Smoke + Mirrors", кошт квіткоў скаладае ад 495 да 800 тыс. рублёў. 

Стужка навiн
0