Любоў Каспяровіч, Sputnik
Сцэна Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага зведала самы кранальны спектакль гэтага года. Дзеці і дарослыя акцёры распавялі гледачам "Раманс для Мухі з зоркамі", які стаў фіналам акцыі "Вялікае мастацтва рукамі маленькіх людзей". Sputnik зазірнуў за тэатральную заслону і даведаўся, як нараджаўся вольны сцэнар, чым дзеці скарылі сталых акцёраў і чаму гледачы пакідалі залю ў слязах.
"Мы тыя, хто бачыць вас заўсёды. Мы глядзім на вас. Мы адлюстроўваемся ў вашых вачах, думках, учынках. Мы зоркі — далёкія і блізкія. Мы сярод вас, мы такія ж, як і вы. Мы ўсе роўныя. Але наступіць падзея", — пранізліва загучалі першыя словы спектаклю. Дзеці, якія жывуць і гадуюцца ў дамах-інтэрнатах альбо спецвучэльнях, нарэшце паказалі свой талент, што дагэтуль жыў неабуджаным.
І падзея наступіла. На сцэну ўзышлі Раніца, Дзень, Вечар і Зоркі, якія могуць сустрэцца толькі ў Поўню. Поўня дае магчымасць судакрануцца сусветам, якія дагэтуль існавалі ў паралельных вымярэннях. Сюжэт п'есы — гэта адмысловая гульня з вершаванымі творамі Карнея Чукоўскага. Асновай для яе стала "Муха-цакатуха", якая падчас імправізацый і каманднай працы пераўвасобілася ў насычаны сімволікай раманс.
— Маё імя Дзіма, я жыву ў Мінску, але зараз знахождуся ў Магілёве, — распавядае акцёр, які ўпершыню ступіў на сапраўдную сцэну. —У нашай школе праходзіў адбор. Прыязджалі валанцёры "Свету без межаў", глядзелі на нас. Так трапіў у праект. Што патрэбна было для гэтага зрабіць? Хтосьці проста хадзіў па сцэне, нібы мадэль, хтосьці казаў пэўныя словы альбо выконваў заданні. Я размаўляў у рытме, які мне падабаецца. У рытме холаду. Мабыць, мой выступ ацанілі, таму сёння я зыграў ролю коніка.
- Распавядзі пра яго, калі ласка.
— Ён зялёны, з вялікімі крыламі і лапкамі.
— З усімі чалавечымі якасцямі і асаблівасцямі, — падказвае Аляксандр Вергуноў.
— Не з усімі. У чалавека няма крылаў, — сыпле жыццёвай мудрасцю маленькі акцёр. — Конік добры, але баязлівы. Муха кліча на дапамогу, а я збягаю ад яе.
— Гэты праект узнік дзякуючы нашым напачатку дзіўным, а пасля моцным стасункам з грамадскім аб'яднаннем "Свет без межаў", — удакладняе акцёр Аляксандр Вергуноў. — Яны адчынілі для нас іншы свет, бо не мы працуем з дзецьмі, а яны з намі. Дзеці вучаць нас, расплюшчваюць вочы. Яны нам нагадалі, што можна глядзець на свет больш чыста і шчыра. Адзін мудры чалавек сказаў: "Час — гэта рака. І ёй не важна, прыйшоў ты туды памыцца альбо ўтапіцца". Мы зараз з нашымі маленькімі акцёрамі купаемся. Купаемся ў творчасці. Варта цаніць гэты момант.
"Гэты момант" доўжыўся шэсць месяцаў. Цягам паўгода акцёры Аляксандр Вергуноў, Аляксандр Ждановіч, Настасся Шпакоўская, Павел Еўтушэнка, Сяргей Юрэвіч, асістэнт рэжысёра Таццяна Кухто і загадчыца літаратурнага аддзела Іна Аксёнава абуджалі і разнявольвалі таленты, выцягвалі дзяцей са звыклага распарадку жыцця, што ў рэшце рэшт увасобілася ў доўгачаканым спектаклі-падзеі.
- Ведаеце, больш за ўсё хацелася прайсці з дзецьмі гэты шлях, дасягнуць выніку. Хаця на самой справе, самае каштоўнае, што адбывалася ў працэсе, — гэта нашы прамежкавыя пункты, калі дзеці разнявольваліся, пачыналі гаварыць, — успамінае Настасся Шпакоўская. — Калі мы пачыналі працу напачатку лета, яны былі зусім іншымі. Гэта складана ацаніць у спектаклі, але для мяне яно каштоўна. Мы рабілі практыкаванні, імправізавалі, размаўлялі, жартавалі, забаўляліся. У такіх дзяцей велізарны дэфіцыт любові і ўвагі. Гэта такое глабальнае, магутнае пачуццё адзіноты. Калі мы займаліся з дзецьмі, то прыдзялялі ім шмат увагі, можа, столькі, колькі не было ў іх за ўсё жыццё. Магчыма, менавіта гэта іх разварушыла, натхніла. Адзінае, вельмі сумна, што гэта скончылася, што яны расправілі лёгкія, надыхаліся паветрам, нарадаваліся — і зноў паедуць туды, адкуль прыехалі.
"Туды, адкуль прыехалі" — гэта дамы-інтэрнаты для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Івянцы, Чэрвені, Васілішках, Рабцава, Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, Магілёўская дзяржаўная спецыяльная школа закрытага тыпу, Петрыкаўская дзяржаўная спецыяльная ПТУ лёгкай прамысловасці закрытага тыпу.
— Уявіце сабе, што ў любы дзень тыдня вы прачынаецеся а той самай гадзіне. У вас не свой пакой і тым болей не ўласная кватэра. Разам з вамі жывуць у лепшым выпадку два-тры чалавекі, чатыры-пяць, дзесяць. Гэта людзі, якіх вы не абіралі. Вы наогул нічога не выбіраеце ў сваім жыцці: хтосьці заўсёды робіць гэта за вас. Вас не пытаюць, што вы жадаеце рабіць, каго бачыць побач. Вас не пытаюць, ці жадаеце вы іх бачыць. Вы ўстаяце, прыбіраеце ложак, робіце аднолькавыя дзеянні. У вызначаны час вы ідзяце ў ядальню, снедаеце кашай, п'яце гарбату з булкай і маслам. Замест душа ці ваны ў вас баня, прычым толькі раз на тыдзень. Увесь ваш дзень распланаваны, і планавалі яго не вы, — апісвае будзёнае жыццё юных акцёраў Вольга Дамінікевіч, мэнэджар праектаў у грамадскім аб'яднанні "Свет без межаў". — Таму можна ўявіць, якой падзеяй для нашых дзяцей стаў гэты спектакль.
"Абуджаныя" акцёры з захапленнем распавядаюць пра свае ролі, стасункі з акцёрамі, назіранні і планы на будучыню. Да прыкладу, Валянціне вельмі спадабалася ўвага гледачоў, але стаць актрысай яна не марыць. Кажа, гэта вельмі цяжка і фізічна, і маральна. Але павучыцца фотамастацтву — з радасцю.
— Мне 20 гадоў, я жыву ў інтэрнаце. Калі нас запрасіў "Свет без межаў", мы вельмі ўзрадаваліся, — дзеліцца сваім захапленнем Валянціна. — Мы заўсёды рады дапамагчы, таму згадзіліся на гэты спектакль. У ім я выконваю некалькі ролей. Спачатку іграю Зорачку — распавядаю невялікі верш, пасля Блошку — падношу Мухе чаравічкі, а напрыканцы лапу Павука.
Доўгі час акцёры разам з выхаванцамі шукалі і абмяркоўвалі характары персанажаў: якія яны, як іх можна паказаць на сцэне? Так узнік вобраз Павука.
- Гэта вельмі здзіўляльна, але, на жаль, не заўсёды бачна, — тлумачыць Вольга Дамінікевіч. — Такі павук жыве ў кожным з нас, і вельмі важна перамагчы яго ў сабе. Гэты вобраз нараджаўся разам, і акцёрамі, і дзецьмі. Яны самі яго стварылі. Яны думалі, разважалі, выказвалі меркаванні…
Наогул, гэты праект — цалкам інтуітыўнае рашэнне. Мы задумалі ўзяць некалькі дзяцей з інтэрнатаў і некалькі са спецустаноў. І вельмі здзівіліся эфекту — наколькі яны мяняліся, калі жыццё павярнулася для іх іншым бокам! Раней яны не бачылі гэтага боку, і аказалася, што ён уплывае на іх вельмі, вельмі моцна. Для дзяцей з інваліднасцю гэта тэрапеўтычны эфект. Уплыў мастацтва можа рабіць неверагодныя рэчы. Адна дзяўчынка пачала размаўляць. Хаця дагэтуль магла сказаць максімум тры словы.
А Андрэй — выпускнік Магілёўскай спецшколы, які трапіў туды за стос правапарушэнняў, сказаў наступнае:
— Я ўжо зараз заўважаю змяненні ў сабе, мы ж вучымся. Раней, калі я быў у закрытай установе, я не адчуваў свабоды. Але калі мяне пачалі сюды вазіць, я забываў пра праблемы, якія былі там, і адчуваў сябе цалкам шчаслівым. Вельмі спадзяюся, што будзе яшчэ адзін такі спектакль.
Я думаю, кожны можа зрабіць штосьці сваё, прыдумаць і рэалізаваць. Галоўнае — захацець. Можна прыдумаць — і не зрабіць. А можна прыдумаць, пастарацца, прыкласці сілы — і ўсё атрымаецца.
Наогул, я мару стаць акцёрам. Зараз мне далі шанец — адчуць, что гэта такое. Таму вельмі хочацца добра вучыцца, каб паступіць у тэатральнае, і старацца далей.
І напрыканцы. Пасля таго, як заслона апусцілася Арцём — навучэнец Магілёўскай спецыяльнай школы, які 8 студзеня вернецца да свайго звыклага жыцця па-за сценамі ўстановы, — даслаў Вользе Дамінікевіч кароткі ліст:
— Я так не хацеў, каб гэты праект быў, жадаў, каб усё як мага хутчэй скончылася. А цяпер я мару, каб наш спектакль паўтарыўся зноўку.
Ці не перамога гэта, нават калі заслона больш не падымецца?