Эксперт: адкрыццё году – Nabr, Shuma, правал году – Trubetskoy

© Sputnik / Виктор ТолочкоМузычны журналіст Аляксандр Чарнуха
Музычны журналіст Аляксандр Чарнуха - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Вынікі адыходзячага году ў беларускай музыцы Sputnik падвёў разам з музычным журналістам Аляксандрам Чарнухай.

Хто сапраўдныя героі году, хто выдаў лепшы альбом у 2015-м і чаго чакаць ад 2016-га — пра гэта і не толькі Sputnik паразмаўляў з музычным журналістам Onliner.by Аляксандрам Чарнухай, размову вяла Юлія Хвошч.

— Што ў першую чаргу можаш адзначыць у беларускай музыцы, якая падзея ці альбом цябе больш за ўсё ўразілі?

Самая яскравая падзея — гэта намінацыя беларуса Антона Мацулевіча на "Грэммі". Гэта наогул фантастычная гісторыя, якая нагадвае галівудскі сцэнар. Вось просты беларускі "здаровы лось", які піша "біты" і выкладае для вольнага спампоўвання, а вось просты амерыканскі "гэнста", які бясплатна пампуе гэты "біток". Вынік — 300 мільёнаў праглядаў на YouTube, мульціплацінавы статус, намінацыя на "Грэммі". Неверагодна. Але, як заўсёды, у нас пра гэта вядзецца мала размоў, а ніводная беларская радыёстанцыя нават не паставіла трэк у ратацыю. Нават беларуская музычная супольнасць даволі вяла адрэагавала на такія навіны.

Калі абагульняць, гэты музычны год мала чым адрозніваўся ад папярэдніх, хіба што выходзіла, як мне падаецца, менш якасных добрых альбомаў. Іх можна пералічыць па пальцах адной рукі, у прынцыпе, заўжды так і было. Калі браць беларускую музыку ў сусветным кантэксце, дык ў нас штогод выходзіць 1-2 альбома, пра якія можна смела казаць: "Так, вось гэтыя альбомы, яны маглі б быць упісаны ў сусветнай кантэкст і гучаць, як кажа Алег Хаменка, "не пазорна".

-Якія альбомы, выпушчаныя сёлета, ты можаш назваць "не пазорными"?

Re1ikt з "Лекавымі травамі" — дакладна.

Вельмі добры альбом запісалі Nabr. Яны рыхтавалі гэты альбом два гады, выпускалі шмат сінглаў, таму зусім новым дыск назваць нельга, але менавіта сёлета выйшаў іх першы і вельмі сур'ёзны альбом.

Nabr выпусцілі лепшы рок-альбом гэтага года, канцэнтрацыя моцных гітоў у ім зашкальвае.

Выдатны альбом выдалі Shuma.

Добры альбом выпусцілі "Крамбамбуля". Ён адрозніваецца ад таго, што рабіў гурт раней — гэта ўжо не застольна-кабацкая плытка з песнямі пад чарачку гарэлкі, а больш хуліганская, з элементамі джаза, досыць вясёлая праца. Будзе нават крыўдна, калі "Чырвоны штраль" сапраўды стане апошнім у дыскаграфіі гурта.

Вельмі мала выходзіла сапраўды добрых электронных альбомаў — гэта несуцяшальныя беларуская тэндэнцыя, таму што ва ўсім свеце зараз развіваецца менавіта электронная сцэна, у нас жа можна назваць усяго некалькі добрых, якасных праектаў.

-Напрыклад?

Дзіма Кацяшоў запісаў вельмі добры альбом — утульны, хатні, меланхалічны. Clover Club — гурт, які здолеў бы дамагчыся трошкі большага, чым атрымаў, але нават пасля распаду ён дае нейкі плён. Наташа Куніцкая развівае і прасоўвае свой выдатны сольны праект. Удзельнікі ў прынцыпе нешта робяць, нешта запісваюць.

© Sputnik / Виктор ТолочкоМузычны журналіст, эксперт Аляксандр Чарнуха
Музычны журналіст, эксперт Аляксандр Чарнуха - Sputnik Беларусь
Музычны журналіст, эксперт Аляксандр Чарнуха

Калі казаць пра нейкія яскравыя імёны гэтага году, то гэта, бадай, Super Besse — гурт, які яшчэ да запісу альбома атрымаў шмат станоўчай крытыкі. У гэтага калектыва ёсць патэнцыял. Альбом атрымаўся сярэднім, але канцэрты ў гурта вельмі насычаныя, вельмі энергічныя, у іх ёсць атмасфера. Бадай, у першую чаргу гэта менавіта канцэртны гурт.

-Якія альбомы не атрымаліся?

Вельмі-вельмі слабы альбом запісалі Trubetskoy. Гэта трэба адзначыць асобна, таму што,калі слухаеш Magister Bibendi, разумееш, што дэбютны альбом Brutto быў не такім ужо і дрэнным.

З альбома "Трубяцкіх" наўпрост прэ кан'юктуршчына. Гэта песні, якія… нават і не песні. Гэта нейкія механічныя трэкі з нарыхтовак з тэкстамі на ўзроўні школьнай паэзіі. Упіхнулі туды песню на беларускай і на ўкраінскай мовах проста таму, што так трэба і гэта модна. У альбоме няма нічога натуральнага, там няма за што зачапіцца і гэта не музычны матэрыял.

"У гурта няма харызмы. Няма выразнага лідэра, няма выразнай ідэі. Гэта проста безыдэйны трэш".

Яны самі, магчыма, гэтага не разумеюць, але яны ствараюць нейкі штучны матэрыял, які да рок-музыкі ніякага дачынення не мае. У альбоме цалкам адсутнічае энергетыка.

Хлопцы ў гурце — ўсе музыкі, добрыя прафесіяналы, але іх жаданне граць рок-н-рол, яно правальваецца менавіта таму што яны сытыя. У іх няма голаду, ім не хочацца прабіваць ілбом сцены. Яны ўжо атрымалі каласальны вопыт падчас працы ў гурце "Ляпіс Трубяцкі", і цяпер ствараць нешта новае з вышыні таго вопыту не дарэчна.

-Чаму такога не адбылося з Brutto і "Крамбамбуляй"?

Міхалок — лідэр. Зараз мы разумеем, што ўвесь "Ляпіс Трубяцкі" трымаўся выключна на яго постаці. Раней гэта таксама было зразумела, але былі нейкія сумнёвы з гэтай нагоды. Зараз жа зразумела, што Міхалок — адна вялікая харызма. І для яго музыка і стварэнне пэўнага поп-культурнага пласта — гэта жыццёвая неабходнасць, без якой ён не існуе наогул.

Вольскі — тое ж самае. Мы ж бачым, што Вольскі пастаянна знаходзіцца ў стане нейкага творчага пошуку. Ён не спыняецца на чымсьці — шмат праектаў, нейкіх ідэй.

— Хто зрабіў больш за ўсіх для развіцця беларускай музыкі сёлета?

Беларусь-2015 як музычную з'яву ў сусветным маштабе афармляюць тры праекты: Макс Корж, IOWA і Brutto.

Мне вельмі пасуе тое, што робіць IOWA менавіта цяпер. Першы альбом быў прахадным у фармаце нейкіх народных прыпевак-прымавак. Сёлета выйшла новая песня "Б'е біт", якая чапляе. Да таго ж я глядзеў жывы выступ з гэтай песняй — гэта сапраўды шоў, гэта выглядае вельмі добра, гэта відовішчна, у гэтым ёсць энергетыка.

"Калі казаць пра Беларусь-2015 у плане прысутнасці на сусветнай музычнай мапе, то тут можна адзначаць тры праекты: Макс Корж, IOWA і Brutto".

У Каржа шоў наогул выдатнае — гэта адно з лепшых беларускіх шоў, якія я наогул бачыў. Да музыкі, да эстэтыкі Каржа можна па-рознаму ставіцца, гэта ўсё на аматара і для пэўнай ўзроставай катэгорыі, але ён трапляе ў сваю мэтавую аўдыторыю, трымае яе і гэта вельмі ўдзячная публіка.

Brutto — з'ява вельмі неадназначная, якая, напэўна, у разы больш папулярна ва Украіне, чым у Беларусі. Але тут зноў жа: ёсць дакладнае бачанне, выразная канцэпцыя і ўсё на сваіх месцах. Тут мінімум нейкіх супярэчнасцяў.

— Аkute яшчэ не дацягнулі да еўрапейскага ўзроўню? Яны распачалі вялікі тур "Усё павернецца"…

Ну… справа ў тым, што можна ездзіць з вялікімі турамі, але пытанне, дзе ты выступаеш і колькі людзей прыходзіць на твае канцэрты. Я так разумею, што Аkute — клубны гурт. Сёлета яны проста выпалі з інфармацыйнага складніку. Яны быццам бы есць, і быццам бы іх няма. Вось на мінскай прэзентацыі было чалавек 400, а Akute раней збіралі 800. Можна спісваць гэта на тое што людзі ў прынцыпе зараз неахвотна ходзяць на канцэрты. Але ў цэлым гурт такога ўзроўню павінен апрыёры збіраць 800-1000 чалавек.

Вось на "Дай Дарогу!" гэты канцэртны крызіс ніяк не адбіваецца — яны як збіралі тысячу чалавек, так і іх апошні канцэрт у Re:Public прайшоў з аншлагам, прычым практычна без рэкламы.

— Дарэчы, ці можна адзначыць унёсак Стыльскага ў развіццё беларускай музыкі?

Гэта гурт, які не цягне на нейкае лідэрства. Ён папулярны, таму што гэта пра нас, гэта бытавуха, гэта такі вось рок-шансон, што блізка кожнаму. Вось просты рабочы… ён прыходзіць дадому, ўключае "Дай Дарогу" і слухае, таму што гэта ў тым ліку і пра яго.

"ДД — гэта гурт пралетарскага складу, які не транслюе нічога новага, і такія гурты былі заўсёды".

Гэты гурт ідзе сваім шляхам. Альбом, які яны выпусцілі, атрымаўся сярэднім, там няма моцных гітоў. Гурт любяць, іх канцэрты наведваюць, але гэта не гераізм. Гурт ёсць, гэта добры гурт — больш нічога пра іх сказаць не маю. Тое, што яны робяць — досыць касмапалітычна і магло б нарадзіцца ў любым іншым кутку СНД і мець такі ж поспех.

-Калі мы ўжо загаварылі пра беларускасць у музыцы, што ты можаш сказаць пра прэмію "Героі году-2015", ці пагаджаешся з яе вынікамі?

"Героі году" займаюць сваю акрэсленую беларускамоўную нішу. Я не аднойчы казаў і буду казаць, што падзяляць музыку па моўным прынцыпе — гэта тупіковы шлях. Атрымоўваецца, што калі чалавек робіць пасрэдную музыку, але на беларускай мове, то мы яго адзначаем, а калі робіцца нешта значнае, але на англійскай, да прыкладу, то гэта застаецца без увагі.

© Sputnik / Виктор ТолочкоРазмова з музычным журналістам Аляксандрам Чарнухай
Размова з музычным журналістам Аляксандрам Чарнухай - Sputnik Беларусь
Размова з музычным журналістам Аляксандрам Чарнухай

"Нельга ігнараваць цэлы пласт іншай музыкі, збіраючы толькі беларускамоўную. Музыка зроблена ў Беларусі і беларусамі, і не важна на якой мове".

Что тычыцца "Герояў году — 2015", то я не магу назваць Pauline сапраўды адкрыццем.  У яе вакале няма нейкай незвычайнасці, ды і музычны матэрыял нічога пасля сябе не пакідае, такія песні не запамінаюцца і не транслююць нічога новага і цікавага. Я б аддаў перавагу Teleport, яны цікавей і гучаць, і выглядаюць. Але гэта калі выбіраць менавіта з намінантаў прэміі.

— Зараз усе размаўляюць пра "Еўрабачанне" і гурт Navi з адзінай песняй на мове ў фінале нацыянальнага адбору. Дарэчы, яны таксама былі намінаваны на "Герояў году". Як можаш акрэсліць іх творчасць?

Яны мяне зусім не чапляюць, і ўся іх дзейнасць падаецца нейкай фальшывай. І іх песні нічым не адрозніваюцца ад таго, што адбываецца на беларускай эстрадзе, проста яны абралі крыху іншы шлях. Акрамя таго, што яны больш працуюць са сваім матэрыялам, а не пішуць адну песню, а потым сілкуюцца ей цягам году на карпаратывах. Такія вось яны мілахі, і ўсе, што можна пра іх сказаць, гэта, бадай, "мі-мі-мі".

— Як ты ацэньваеш іх шансы трапіць на "Еўрабачанне"?

— Вельмі малаверагодна. Мне падаецца, што паедуць альбо Іваноў, альбо Грос.

— Як можаш акрэсліць фестывальную культуру Беларусі?

Найлепшым фестывалем мне падаўся "Рэха", пра які мала хто чуў. Выключна файны склад па ўдзельніках, ніякіх міліцэйскіх кардонаў, своеасаблівы беларускі "Вудсток".

© Sputnik / Виктор ТолочкоМузычны журналіст, эксперт Аляксандр Чарнуха
Музычны журналіст, эксперт Аляксандр Чарнуха - Sputnik Беларусь
Музычны журналіст, эксперт Аляксандр Чарнуха

GreenFest адбыўся сёлета ўпершыню і падаўся нейкім зусім не зразумелым. Лайн-ап, у якім хэдлайнеры Papa Roach ды Кіпелаў.

"Мая фантазія ніколі не дайшла б да таго, как стварыць сітуацыю, пры якой на адной сцэне з'явіліся б Papa Roach і Кіпелаў. Здавалася, што зараз адкрыецца варонка, якая ўсіх наведвальнікаў фэсту зацягне ў пекла".

Да таго ж гэтыя не зразумелыя літоўцы ды эстонцы, на месцы якіх маглі б з'явіцца два беларускія гурты, якія б прыцягнулі на мерапрыемства публіку. Што тычыцца гурта Lumen —вось тут зразумела, чаму ён з'явіўся ў лайн-апе.

— Што будзе адбывацца з канцэртамі ў 2016-м, чаго чакаць меламанам?

На канцэртным рынку, мне падаецца, усё будзе вельмі сумна. Мы жывем у складаны фінансавы час, і чалавек з заробкам у 200-300 даляраў наўрадці будзе аддаваць грошы на канцэрты. Таму арганізатары будуь везці толькі "верняк" — я не выключаю, што да нас у чарговы раз завітаюць Scorpions з развітальным канцэртам, ну і канешне Стас Міхайлаў і Лепс.

Стужка навiн
0