МІНСК, 4 сту — Sputnik. Саюз беларускіх пісьменнікаў анансаваў вынікі апытанкі сярод сябраў арганізацыі па пытаннях аўтарскага права, паведамляе прэс-служба арганізацыі.
"Для таго, каб высветліць, якія з пытанняў аўтарскага права найбольш важныя для сябраў Саюза, было вырашана правесці спецыяльнае даследаванне — апытанне сябраў Саюза", — паведамляюць у арганізацыі.
Агулам у даследаванні на ўмовах ананімнасці ўзялі ўдзел 65 чалавек. Аналіз анкет паказаў, што праблемы разумення і рэалізацыі аўтарскіх правоў узнікаюць на трох асноўных этапах існавання адпаведных праваадносінаў: стварэнне аўтарскага твора, ягонае выкарыстанне (перадача правоў) і непасрэдная абарона аўтарскіх правоў.
Вынікі даследвання сцвярджаюць: пераважная большасць рэспандэнтаў маюць рукапіс (друкапіс) на руках і спецыяльныя меры не прымаюць. Некалькі чалавек даслалі самі сабе арыгінал рукапісу/друкапісу па пошце пакетам ці праз электронную пошту, захоўваюць атрыманы пакет нераспакаваным да моманту ўзнікнення спрэчнай сітуацыі.
Шэсць адсоткаў рэспандэнтаў прымаюць іншыя меры барацьбы з мажлівым незаконным выкарыстаннем твораў: прадугледзелі дадатковыя меры абароны ў дамове з канкрэтным выдавецтвам; заключылі дамову з дзяржаўнай установай "Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці".
Аднак пісьменнікі маюць патрэбу не толькі ў абароне правоў, але ж і ў прасоўванні сваёй творчасці. Гэтак, 38% апытаных маюць патрэбу ў літаратурным агенце, які звычайна слугуе пасярэднікам ва ўсіх пытаннях выкарыстання аўтарскіх твораў, 56% спадзяюцца на ўласную кампетэнцыю ў дадзеным пытанні.
Паказальна, што 75 % рэспандэнтаў сутыкаліся з выкарыстаннем уласных твораў без папярэдняга ўзгаднення, і сярод парушальнікаў лідзіруюць акурат суб'екты сусветнага сеціва Інтэрнэт — 31%. Амаль пароўну раздзяляюць выпадкі такіх парушэнняў недзяржаўныя выданні — 15%, дзяржаўным выданні — 14% і астатнія СМІ — 12%.
"Пастаянна!", "Сайт "Х" змясціў твор і нават вымагае плату ад мяне за прагляд", — піша адзін з рэспандэнтаў.