МІНСК, 5 сту — Sputnik. Свецкае імя Ефрасінні Полацкай — Прадслава. Дакументальных звестак пра жыццё і дзейнасць Ефрасінні амаль не існуе. Асновай гістарыяграфіі з'яўляецца яе "Жыціе", а іканаграфіі — ікона, што была напісана да кананізацыі і не захавалася да нашых дзён, а ў крыніцы 19 ст. апісваецца так: "Подобием бледна лицем от пощения, ризы преподобнические, как у преподобномученицы Евдокеи".
Прадслава (магчымае значэнне імя — "папярэдняя, даўняя слава" — на ўспамін былой велічы Полацка) паходзіла з роду князёў, які браў пачатак ад Ізяслава — сына Уладзіміра Вялікага і яго жонкі Рагнеды.
Прадслава была старэйшай дачкой у сям'і. Прадслава была не адзіным дзіцём у сям'і, акрамя яе былі яшчэ малодшыя сёстры і браты.
Пасля дасягнення паўналецця (12 гадоў), Ефрасіння адмовілася ад дынастычнага шлюбу і пайшла ў манастыр. Пасля яна пасялілася ў келлі Полацкага Сафійскага сабора, дзе ў храмавым скрыпторыі перапісвала, а магчыма, і перакладала кнігі, вяла актыўную міратворчую і асветніцкую дзейнасць. Пабудавала на свае сродкі 2 царквы ў Полацку, заснавала пад Полацкам жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі асяродкам асветы ў Полацкім княстве. Тут працавалі вучыльні, бібліятэкі, скрыпторыі, багадзельня, верагодна, іканапісная і ювелірная майстэрні.
"Што ж учынілі нашыя роды, якія былі да нас? Жаніліся і выходзілі замуж, і княжылі, але не вечна жылі; жыццё іх праплыло, і загінула іхняя слава, быццам прах, горай за павуцінне. Затое жанчыны, што жылі раней і, узяўшы мужчынскую моц, пайшлі следам за сваім Жаніхом, і целы свае аддалі на пакуты, і паклалі галовы пад меч, а іншыя хоць і не схілілі шыі свае пад жалеза, але мячом духоўным адсеклі плоцкія асалоды, аддаўшы целы пасту, чуйнаванню, і малітоўнаму кленчанню, і зямельнаму ляжанню — тых памятаюць на зямлі, іх імёны напісаны на нябёсах, дзе яны з анёламі Бога ўсхваляюць" (Жыціе Еўрасінні Полацкай).
Па яе заказе Лазар Богша зрабіў крыж. Мужчынскаму манастыру падаравала выдатны твор візантыйскага мастацтва — абраз "Маці Божая Адзігітрыя Эфеская". У 1167 годзе паломнічала па святых мясцінах у Іерусалім, дзе памерла і была пахавана ў манастыры Св. Феадосія.