МІНСК, 5 сту — Sputnik. Выканаўца з Наваполацку, які летась стаў адным з адкрыццяў у беларускай музыцы, 30 студзеня дае першы сольны канцэрт у Мінску, на якім прэзентуе свой дэбютны альбом "Песні глуханямых".
Свой першы альбом выканаўца прэзентаваў напрыканцы лета 2015.
"Гэта тыя творы, якія я граю на канцэртах і тыя, якія мне хацелася "адпусціць", то бок зафіксаваць іх не ў галаве, а крышачку збоку. Гэты запіс можна лічыць зрэзам маёй творчасці, а пастаўлены песні збольшага ў храналагічным парадку", — распавядае пра сваю працу Сілка.
Малады выканаўца з Наваполацку атрымаў нямала авансаў яшчэ да выхаду свайго дэбютнага альбома. І пакрысе іх пацвярджае. На яго рахунку некалькі паспяховых канцэртаў, у тым ліку аншлаг у віцебскай "Арт-базе", пасля якога Стась зладзіў жартаўлівую фотасэсію-пародыю на Вольскага "Віцебск. Восень. Сілка".
Летась ён быў названы ў ліку пераможцаў "Бардаўскай восені-2015" і ўвайшоў у шорт-ліст прэміі "Героі года" ад парталу Tuzin.fm у намінацыі "Адкрыццё года".
30 студзеня ў мінскім бары "Beer&Wine" у межах праекту "Жывы Тузін" Стась Сілка прэзентуе ўжывую свой дэбютны альбом.
"Гэта мой першы выступ у Мінску ў якасці хэдлайнера, таму з усёй адказнасцю рыхтую адмысловую праграму. Адыграю старыя-забытыя і новыя-невядомыя песні. Будзе весела, кампанія ж цудоўная!", — кажа музыка з Наваполацку.
Падтрымаюць яго выступ уладальнікі Гран-Пры фэсту "Бардаўская восень-2015" — гурт "Хмарка на траве" і Алесь Дзянісаў ("КальЯн", "Людзі на балоце", Dzieciuki) з акустычным сэтам.
Вядоўцай мерапрыемства будзе Алег Хаменка, нязменны вядучы радыёверсіі "Тузіна Гітоў" і лідар гурта "Палац".
Прэзентацыя альбома Стая Сілкі "Песні глуханямых" адбудзецца 30 студзеня (субота) у бары Beer&Wine (вул.Кульман, 9), пачатак а 19-й гадзіне, кошт квіткоў — 100 тыс. рублёў (папярэдне).