МІНСК, 5 сту — Sputnik. Кожную пятніцу ў 16.30 радыёканал "Культура" прапаноўвае паслухаць, як маленькі кароль патаемна адправіўся на вайну, кіраваў дзяржавай, сабраўшы парламент са сваіх аднагодак, і ўрэшце мусіў апынуцца на бязлюдным востраве, паведамляе прэс-служба "Белтэлерадыёкампаніі".
Гісторыю пра караля Мацюся Першага чытае артыст тэатра і кіно Аляксандр Аўчынікаў.
Над некупіраванай аўдыёверсіяй кнігі Януша Корчака "Кароль Мацюсь Першы" працавала рэжысёр Рэната Патака. У музычным афармленні гукарэжысёр Хрысціна Шаліна выкарыстала твор сучаснага беларускага кампазітара Аляксандра Літвіноўскага "Казкі чароўнага дрэва". Аўдыёверсія створана пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.
Адну з самых вядомых кніг Януша Корчака пра прыгоды караля Мацюся Першага на беларускую мову пераклала Ядвіга Бяганская. З 1956 па 1964 гг. яна працавала старшым рэдактарам перадач для дзяцей і юнацтва на Беларускім радыё.
Свой пераклад яна зрабіла яшчэ ў 1970 годзе, але ўсе выданні аповесці "Кароль Мацюсь Першы" былі значна скарочаны. Напрыклад, цэнзарамі выкрэсліваліся з твора ўсе згадкі пра рэлігію. Толькі ў 2012-м выйшла поўная версія кнігі, якая і загучыць на канале "Культура" з дазволу Алены Бяганскай, унучкі рэдактара, да якой перайшлі правы на пераклад.
Януш Корчак — вядомы педагог, доктар і пісьменнік, сапраўднае імя якога — Генрых Гольдшміт. Свой псеўданім ён узяў з твораў іншага польскага пісьменніка Юзафа Крашэўскага. Усё жыццё Яуш Корчак працаваў з сіротамі, пісаў кніжкі для дзяцей і пра дзяцей. Калі яго выхаванцы апынуліся ў Варшаўскім гета, то настаўнік адмовіўся пакідаць дзяцей. Пісьменнік працягваў распавядаць ім казкі, каб дзецям было не так страшна, нават калі разам з імі ўвайшоў у газавую камеру…