Жэле “Беларусь”, жэле вечна!

© Flickr / Chloe LimЖэле
Жэле - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Салодкі, як гісторыя ВКЛ, з гаркаватым прысмакам нашай долі, сапраўдны беларускі дэсерт да каляднага стала.

МІНСК, 5 сту — Sputnik. Студыя PRAS.by прапануе прыгатаваць да каляднага стала ўласна беларускі дэсерт — жэле "Беларусь".

"Жэле Беларусь складаецца з двух колераў — традыцыйных для беларускай зямлі цнатліва-белага і рубінава-чырвонага. На смак дорыць пазнавальныя ноткі крэмавага пудзінга, якім ласавалася нашая шляхта яшчэ ў XVI стагоддзі, і выразную горыч журавін — сімвал крывіцкіх балот. Мае аксамітную паверхню зрэза і пяшчотную душу", — распавядаюць аўтары рэцэпту.

Гатаваць жэле раяць у добрым настроі, каб ласунак не страціў патрыятычных асаблівасцяў. Стваральнікі раяць запрасіць сяброў на калядныя і навагоднія вечары з гарбатай альбо глінтвейнам, пад зоркай выкшталцонага дэсерту, у якім зліліся вытанчанае шляхецтва нашага гонару і стрыманая музыка беларускай прыроды.

"Васільковая гарбата разам з дэсертам «жэле «Беларусь» пад эпічную гульню «1514» заснаваную на нашай слыннай гісторыі, падвышаюць колькасць патрыятычных ферамонаў у паветры ў 103 разы, што можа прыводзіць да жадання пагаманіць па-беларуску, альбо заліць сэлфі з хэштэгам #жэлебеларусь", — дадаюць стваральнікі ласунка для патрыятычна арыентаваных гурманаў.

Рэцэпт

  • Пачынаем з жэлаціну. Замочваем яго ў ледзяной вадзе (гэта дапамагае захаваць усе жэлацінавыя ўласцівасці). Нам спатрэбіцца 8 грам, вады дадаем роўна ў 6 разоў больш (48 грам) і размешваем. Чакаем, пакуль жэлацін стане мяккім і набрыне, гэта хвіліны 3-4.
  • Разразаем акуратна сцябло ванілі ўздоўж і дастаем насенне зваротным бокам нажа з абодвух палавінак. Ніякія эсэнцыі, ванілін і нават экстракт тут не дапамогуць паўтарыць вытанчаны смак шляхетнага прысмака. Таму лепш зусім адмовіцца ад ванільнага водару, чым замяняць струк ванілі.
  • Далей працуем на вока, каб рэзультат атрымаўся напраўду беларускім. Кожны наступны інгрэдыент бярэм удвая менш, чым папярэдні. Вяршкі (250 г.), малако (125 г.) і цукар, змешваем у адным рондалі. Туды ж выпраўляем насенне ванілі і палавінкі струка.
  • Ставім на пліту, агонь сярэдні. Даводзім да кіпення.
  • Вымаем струк ванілі. Дадаем усю масу жэлаціна. Тут важна памятаць, што жэлацін добра распушчаецца пры 82-85о. Так што не трэба спяшацца, але і занадта цягнуць не варта, інакш маса астыне. Адразу змешваем ўсё венцам. Трэба проста акуратна размяшаць масу, каб увесь жэлацін разышоўся. Калі моцна ўзбоўтаць усё будзе з бурбалкамі і дэсерт не атрымаецца такім далікатным, як беларускія паненкі.
  • А пакуль белы колер нашага патрыятычнага ласунку застывае, зробім чырвоную з кіслінкаю, як пацалунак зубра, частку жэле. Журавіны (100 гр.) (можна замарожаныя) засыпаем у рондаль, дадаем цукар (каля 40 гр.). Ставім на пліту, агонь слабы.

Жэле "Беларусь"? Жэле!

Стужка навiн
0