Майстар-клас: як пайсці на баль і не аблажацца

© Sputnik / Алена Васільева"Куфэрак: шаноўная пані"
Куфэрак: шаноўная пані - Sputnik Беларусь
Падпісацца на
НовостиTelegram
Напярэдадні балю пры Вялікім тэатры оперы і балета Sputnik высвятляў, якой даўжыні пяльчаткі апранаць і перад кім рабіць рэверансы – згодна з этыкетам, а не глыбокай унутранай перакананасцю.

Алена Васільева, Sputnik

Пасля васьмідзесяці год пралетарскага мінулага ў беларусах намагаюцца абудзіць шляхецкія манеры і прымусіць ногі ісці не на парад, а ў скокі, пажадана — у менуэт. Штогод у розных месцах краіны, але з аднолькавай пампезнасцю, ладзяць святочныя балы, цяпер баль пройдзе сярод балюстрад і калонаў Вялікага тэатра оперы і балета — у ноч з 13 на 14 студзеня.

© Sputnik / Алена Васільева"Куфэрак: шаноўная пані"
Куфэрак: шаноўная пані - Sputnik Беларусь
"Куфэрак: шаноўная пані"

Каб не было пакутліва балюча за страчаную магчымасць адчуць сябе шляхетнай кабетай ці арыстакратычным дзецюком, а не выпускніком старэйшай школы, далучайцеся да нашага майстар-класа. Карэспандэнт Sputnik разбіралася з асновамі паводзінаў на балах разам з іх пастаяннымі ўдзельнікамі — рэканструктарамі.

Калі ты жанчына: апрані сукенку і ведай сваё месца

Калі ў Штатах Лукрэцыя Мотт з паплечніцамі прымушалі мужчынаў прыслухацца да іх "Дэкларацыі пачуццяў", каб адваяваць свае выбарчыя і іншыя правы, дык на Беларусі гэтым часам жанчыны выбіралі хіба толькі колер сукенкі, але падыходзілі да гэтага з той адказнасцю, якую цяпер не праяўляюць нават да свайго адваяванага выбарчага права.

"Дамы маглі выбіраць любы колер для сукенкі, калі толькі ён не быў абумоўлены асабліва. Крой бальнай сукенкі змяняўся хіба ці не кожны год, але адно заставалася нязменным — шыя і плечы пакідаліся адкрытымі. Такі крой абавязваў да ўпрыгажэнняў", — распавядае Святлана Гурава, майстар па стварэнні верхняга адзення, рэканструкцыяй яна займаецца ўжо больш за 25 гадоў.

Гэтак, 24 студзеня 1888 года ў Пецярбургу праводзіўся смарагдавы баль, на якім усе прысутныя былі апрануты ў адпаведны колер. Для дзяўчат звычайна сукенкі шыліся белага колеру або пастэльных тонаў — блакітнага, ружовага, колеру айвары.

"Пальчаткі з'яўляюцца абавязковым аксэсуарам бальнага ўбору, без іх проста немагчыма і непрыстойна з'явіцца на баль. Даўжыня пальчатак залежыць ад тыпу сукенкі і моды, аднак колер іх павінен быць абавязкова белым ці слановай косці, усе іншыя колеру недарэчныя для бальнай залі", — перасцерагае патэнцыйных арыстакратаў Ірына Мішаніна, рэканструктар і ўдзельніца дзесяткаў баляў.

© Sputnik / Алена Васільева"Куфэрак: шаноўная пані"
Куфэрак: шаноўная пані - Sputnik Беларусь
"Куфэрак: шаноўная пані"

Час пашыву сукенкі залежыць ад яго мадэлі і ўменні краўчыхі. Можна замовіць простую ампірную сукенку, а можна замахнуцца на багата вышываны прыдворны нарад, выдаткі часу і грошай цалкам залежаць ад заказчыцы.

Суразмоўца Sputnik папярэджвае, для дэбютантак і юных дзяўчат дарэчныя сціплыя ўпрыгажэнні з жэмчугу і прычоска, ўпрыгажэнні кветкамі, замужнія ж дамы цяпер, як і стагоддзе таму, могуць дазволіць сабе больш вытанчаныя і дарагія ўпрыгажэнні і каштоўныя галаўныя ўборы ў адпаведнасці з модай і густам.

© Flickr / Nathan KolbВеер
Веер - Sputnik Беларусь
Веер

"Сумачка і веер таксама з'яўляюцца вернымі спадарожнікамі дамы, сумачка дазволіць вам мець з сабой запасную пару пальчатак, нюхальную соль і пудру. А веер не толькі дасць прахалоду, але і дазволіць паразумецца з кавалерам і нават прызначыць яму спатканне", — кажа спадарыня Ірына. Справа ў тым, што ў 19 стагоддзі былі шырока распаўсюджаныя мова веера і кветак, цяпер ужо амаль ці не цалкам забытая. А цяпер, карыстаючыся только мовай кветак, паспрабуйце сказаць наступнае — "Калі жанчына годная таго, каб узняцца на эшафот, дык яна годная ўвайсці і ў парлемент", веер вам у дапамогу.

Калі ты мужчына: пакажыце мне вашыя белыя пяльчаткі

Правілы простыя: кавалеры — у фраку, смокінгу або касцюме (у залежнасці ад дзесяцігоддзі), белай кашулі і абавязкова ў белых пальчатках. Калі не маеш белых пальчатак, дык лепей прыходзь о чорных, чым увогуле без іх.

"Дама мае права адмовіць кавалеру без пальчатак", — распавядае спадарыня Гурава, майстар па стварэнні верхняга адзення.

Спадарыня Мішаніна распавядае, што мужчынскі касцюм гэтак жа як і жаночы зведаў масу змяненняў, мянялася і даўжыня штаноў, і мода на прычоскі і аксэсуары, аднак нязменным заставаўся цёмны колер для бальнага фрака, белыя пальчаткі і гальштук, пераўтвораны пасля ў мятлік.

На баль кавалеры прыходзілі ў ботах, дазволіць сабе сапагі маглі толькі ваенныя, але тыя павінныя былі быць без шпораў.

Правілы этыкету: пляткарыць можна, але па-французску

Спадарыня Ірына заклікае сучаснікаў, раскашэліўшыся на сукенку, фрак і ўваходны квіток у тэатр, прытрымлівацца пастулатаў этыкету мінулага, каб баль атрымаўся аўтэнтычным. Баль варта ўспрыняць як магчымасць "заваёўваць сяброў і аказваць уплыў на людзей", "спыніць непакойства і пачаць жыць" і так далей.

© Sputnik / Алена Васільева"Куфэрак: шаноўная пані"
Куфэрак: шаноўная пані - Sputnik Беларусь
"Куфэрак: шаноўная пані"

"Этыкет моцна залежыў ад месца дзеяння, падначалены найстражэйшаму Цырыманіялу баль у царскім палацы адрозніваўся ад прыватнага сходу ў сядзібе. Абавязковым з'яўляецца прывітанне гаспадароў балю, пры прадстаўленні гаспадарам кавалер павінен пацалаваць руку гаспадыні і павітаць гаспадара лёгкім паклонам, дама робіць невялікі кніксэн", — распавядае спадарыня Ірына.

Дарэчы, калі вы жанчына і нават адчайная феміністка, але ідзеце на баль адна, этыкет прадпісвае заручыцца падтрымкай сваякоў ці сяброўкі, каб адчуваць сябе ў згодзе з рэаліямі ХІХ стагоддзя. Да таго ж, ідучы на баль, вы, фактычна, даяце згоду на тое, каб беспрыпынна танчыць, адмовіцца ад танца — значыць, парушыць этыкет. Ды яшчэ і не спрабуй абіраць, з кім танчыць табе хочацца, а хто няварты ўвагі.

"Вядома ж, дама можа і нават павінна танцаваць з усімі кавалерамі, якія запросяць яе, адмова магчымы ў двух выпадках, калі дама ўжо запрошана, або калі яна стамілася, але адмовіўшы аднаму кавалеру, спаслаўшыся на стомленасць, яна не можа аддаць гэты танец іншаму. Дарэчы, у ХІХ стагоддзі дамы мелі з сабой бальную кніжачку, каб запісваць запрасілі яе на танцы і не патрапіць у няёмкую сітуацыю", — распавядае суразмоўца Sputnik.

Менуэт — гэта новы твэрк

Забудзьцеся на ўсё, чаму вас вучылі на курсах па vogue ды wacking. Фаварыты паркета ХІХ стагоддзя — вальс ды менуэт.

"Мода на танцы мянялася практычна гэтак жа як мода на сукенкі. Забаронены ў пачатку XIX стагоддзя вальс, пакарыў паркет да сярэдзіны таго ж стагоддзя і застаецца папулярным да гэтага часу. Цырыманіяльныя танцы, такія як менуэт і паланэз, і цяпер адкрываюць балі і даюць магчымасць кавалеру паказаць прысутным сваю даму ва ўсёй красе. Іншыя ж танцы залежаць ад заяўленага перыяду для балю. Навучыцца простым танцах не складана, трэба толькі жаданне і добры педагог", — падбадзёрвае Ірына Мішаніна.

Не бойцеся выдаткоўваць усе сілы на паркеце, часцей за ўсё баль заканчваўся вячэрай. Але ж, вядома, не ўсе прыходзілі на баль для танцаў, баль — гэта яшчэ і месца для зносін і абмеркавання апошніх плётак і навінаў.

"Як і цяпер, у 19 стагоддзі, абмяркоўвалі надвор'е і апошнія навіны, часам пляткарылі аб агульных знаёмых і іншых свецкіх дробязях. Вядома ж вышэйшае грамадства аддавала перавагу французскай мове".

Ўборы для вялікіх баляў служылі прычынай мноства хваляванняў і абыходзіліся дорага, баль гэта ў пэўным сэнсе кірмаш ганарыстасці, дзе кожная хоча быць каралевай. Сукенкі замаўлялі ў модыстак, або куплялі модныя часопісы і спрабавалі сваімі сіламі паўтарыць модную карцінку, вышыўку часта выконвалі прыгонныя дзяўчыны.

Каментар культуролага

Сяргей Харэўскі: "Часта простыя людзі і іх дзеці давалі прыклад высакароднейшых учынкаў, а людзі, якіх звалі арыстакратамі, не вытрымлівалі выпрабавання лёсам. Я думаю, што рэцэпт вяртання да арыстакратычных каранёў надта просты — быць сабой, ведаць пра сваё паходжанне, бо любая біяграфія — гэта вялікае жыццё, хоць і незнаёмых людзей.

Чалавек без каранёў для мяне не надта цікавы — калі чалавек не пацікавіўся тым, хто яго прадзеды і прабабкі, у мяне ўзнікаюць сумненні, ці можа ён ўвогуле цікавіцца тонкімі матэрыямі. Гэта першасныя рэчы, якія трэба разумець — хлопчык ён ці дзяўчынка, на якой мове размаўляе, якога лёсу ягоныя продкі. "Будь он хоть негром преклонных лет", як пісаў паэт, гэта ўсё роўна скарб. Калі чалавек пачаў рупіцца пра памяць, пра перадачу інфармацыі, ён вылучыўся з жывёльнага свету, мы — носьбіты памяці, і гэта робіць нас людзьмі".

Стужка навiн
0