МІНСК, 10 сту — Sputnik. Атмасферны фронт з Заходняй Еўропы прынёс у Беларусь пацяпленне, сёння месцамі чакаецца да трох градусаў цяпла, паведамілі ў Гідрамеце.
Больш за два тыдні ў Беларусі пратрымаліся маразы, у асобныя дні тэмпература паветра была на некалькі градусаў ніжэй за кліматычную норму. Змянілася надвор'е ў суботу, калі праз краіну пачаў праходзіць атмасферны фронт з Заходняй Еўропы.
"У нядзелю часам чакаюцца ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу, па паўднёвым захадзе з дажджом. Месцамі чакаюцца туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца", — паведамілі Sputnik ў нядзелю ў Гідрамеце.
Тэмпература ўначы чакаецца ад мінус 5 да плюс 2, пры праясненнях да мінус 7, а днём ад 3 марозу да 3 градусаў цяпла.
Сіноптыкі таксама праінфармавалі аб небяспецы перамяшчэння па лёдзе на вадаёмах.
"У сувязі з павышэннем тэмпературы павысілася небяспека пры руху па лёдзе на рэках і азёрах", — падкрэслілі сіноптыкі.