Юлія Хвошч, Sputnik.
Калі гучыць слова "дзяржэкзамен", то пераважная большасць з нас адразу ўяўляе велізарыня цёмныя кабінеты, стол з са стосам білетаў, экзаменацыйную камісію ў строгіх касцюмах, што сядзяць роўным шэрагам, тварамі да магчымых выпускнікоў. Але не для ўсіх ВНУ гэта справядліва. Sputnik зацікавіўся як праходзяць дзяржэкзамены ў творчым ВНУ, а трапіў на сапраўднае свята нацыянальнай культуры.
Іспыт трымалі студэнты факультэту традыцый беларускай культуры і сучаснага мастацтва (кафедра этналогіі і фальклору) па дысцыпліне "Беларускі фальклор: мастацтва вуснай традыцыі". Чатыры гады таму на першы курс факультэта трапілі студэнткі Ганна Бялько, Надзея Касцяневіч, Паліна Курановіч,Вольга Кульбіцкая, Кацярына Асадчая і Марына Шэлег, якія пазней пераўтварылі сваю навучальную групу ў калектыў аўтэнтычнага кірунку "Страла" пад кіраўніцтвам Эвеліны Шчадрыной. Цягам усяго часу навучання яны ездзілі па беларускіх вёсках, пераймалі вусныя традыцыі ў старажылаў — распытвалі пра абрады, а потым ладзлілі паводле іх мастацкія рэканструкцыі, вывучалі песні і выступалі з імі на святочных мерапрыемствах у зборных канцэртах.
Іспыт як свята
Студэнцкія гады праляцелі хутка, настаў час падсумаць тое, што было назбірана цягам чатырох гадоў. Дзяржэкзамен — першая сустрэча студэнтак з аўдыторыяй сам насам, першае сольнае выступленне.
У фае ўніверсітэта гасцей, што прыйшлі падтрымаць выпускнікоў, разам з ахоўнікам сустракае канцэртмайстар гурта, выкладчык і музыка Вячка Красулін. Вячка апрануты ў нацыянальны касцюм, за вонкавай стрыманасцю чытаецца хваляванне. Вітаецца, распавядае, што таксама будзе браць удзел у экзамене.
У фае светла. Чамусьці ва ўсіх творчых ВНУ заўжды святлей, чым у іншых, магчыма, з-за шчырых усмешак тых людзей, якія тут працуюць і вучацца, а магчыма, ад святла працы, якую яны робяць. Тут жа сустракаем Таццяну Пладунову, "любімую выкладчыцу" гурта "Страла", якая зрабіла для калектыву вельмі шмат.
"Гэта наша галоўная зала, тут адбываюцца найважнейшыя мерапрыемствы", — ветліва запрашае заняць месцы Пладунова.
На ўваходзе ў залу гасцей гучна сустракаюць дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах, усміхаюцца, раздаюць буклеты з праграмай дзяржэкзамена. Мы не адразу зразумелі, што гэтыя прыгажуні і ёсць выпускніцы, якія будуць праз колькі хвілін трымаць іспыт — ніякага напружання, толькі шчырая радасць на тварах. Зала запоўнена на дзве траціны, але гэта людзі, якім насамрэч не ўсё роўна: сваякі, сябры выпускніц, людзі, якія сапраўды цікавяцца беларускай культурай, усе члены экзамецыйнай камісіі таксама ўтульна размесціліся ў крэслах.
"Просім адключыць гук у мабільных тэлефонах, экзамен пачынаецца", — прагучала са сцэны.
Шчырыя спевы
Экзамен цягнуўся няпоўныя дзве гадзіны, але за гэты час перад гледачамі перагарнуўся цэлы календар беларускіх народных святаў — ад гуканння вясны да калядаў. Выпускнікі прадставілі больш за 30 нумароў, складзеных з песень і танцаў сабраных з розных куткоў Беларусі. Вусныя традыцыі Магілёўшчыны, Міншчыны, Гомельшчыны — "Страла" выканала песні амаль з 30 рэгіёнаў і мястэчак Беларусі. "Дзякуй Богу, што вясна прыйшла" (Бярэзінскі раён Гомельскай вобласці), "Разгуляўся Юр'яў конь" (Вілейскі раён Мінскай вобласці), "А вжэ ж у мэне дожынкі" (Веткаўскі раён Гомельскай вобласці) — гучалі народныя спевы са сцэны.
На вялікім праектары паказвалі фота з гастроляў гурта. Было бачна, што для дзяўчат гэта не проста канцэрт — можна было заўважыць, як яны хвалююцца, аднак хваляванне гэта было хутчэй радасным.
Разам са студэнтамі выступала і іх мастацкі кіраўнік — Эвеліна Шчадрына. Час ад часу дзяўчаты браліся за народныя інструменты — цымбалы, скрыпку, бубен. У некаторых нумарах на сцэну выходзіў і канцэртмайстар Красулін з дудой. Вельмі ўразілі рэдкія, вядомыя далёка не ўсім, танцы — "Лысы" (з традыцый Брэсцкай вобласці), "Субота", "Падэспань" (Гомельская вобласць).
"Дзяўчаты маладчынкі, але хлопцаў ім для танцаў не хапае", — шэптам дзеляцца меркаваннямі выкладчыкі ў зале.
За час дзяржэкзамену можно было атрымаць цэлую палітру эмоцый — ад усхваляванай радасці да журбы і смутку. Былі песні і пра чарку, і пра вяселле, але былі і пра няўдалае каханне, пра цяжкі лёс. Варта адзначыць, што за ўвесь час іспыту не адбылося ні воднай тэхнічнай накладкі, уся праграма прайшла роўна, без памарак.
Завяршылася выступленне выкананнем запальнай "Лявоніхі", выпускніцы запрашалі сваіх знаёмых, сваякоў і сяброў, што сядзелі ў зале, далучыцца да іх у танцы.
Экзамен праляцеў як за хвіліну, і слова было прадстаўлена членам экзамецыйнай камісіі.
Пасляслоўе
"Гэта майстэрства, гэта талент. Я шчыра ўдзячна вам за сёняшні дзень, вось за гэтую падзею. Выдатна, што можна прыйсці сюды, у гэту ўстанову на экзамен і трапіць на свята беларускай этнічнай культуры. Шчыра хачу падзякваць мастацкага кіраўніка Эвеліну Шчадрыну. Дзякуй вам і ўсім, хто вам дапамагаў. Вясковым бабулям, якіх вы слухалі, пераймаючы іх вопыт і ў вас выдатна атрымалася", — адзначыла старшыя камісіі, доктар філалогіі Вольга Шарая.
З вельмі пранікнёнымі словамі звярнуўся да выпускніц супрацоўнік кафедры, кандыдат філалагічных навук Аляксей Рагуля. Падчас яго прамовы не маглі стрымаць слёз ні выпускнікі, ні гледачы ў зале, ні ён сам.
"Скарб нашай нацыі на кафедры этналогіі і фальклору ў яго першароднай чысціні сёння ажыўляюць і дораць людзям нашыя выкладчыкі і кафедра, у якой склаўся ўжо стыль жыццясцвярджэння. Гэта можа быць перададзена толькі ў сваёй мове. Мова, песня — гэта душа народа. Вось гэты гурт, што сёння перад намі — гэта таксама душа народа, душа нацыі", — сказаў Рагуля.
"Калі кажуць, што прынцып трансляцыі народнай культуры ад рукі, ад нагі, ад голасу, то ў Шчадрыной гэта ідзе перш за ўсё ад душы. Паразуменне гэтага на глыбіні — вялікая заваёва беларускай сучаснай педагогікі. Нажаль афіцыйная навука ўпарта не хоча гэтага заўважаць", — дадаў выкладчык.
Шчырыя словы казалі не толькі выкладчыкі, але і тыя, хто пэўны час працаваў са "Стралой". Так, мастацкі кіраўнік дзіцячага калектыву "Мілавіца" выйшла на сцэну з тортам і адзначыла, што заўжды ставілася да выпускніц, як да сваіх дзетак, таму і вырашыла зладзіць для іх салодкі стол. "Думаю, што наша культура будзе жыць, калі такія дзеці будуць працаваць у нашай краіне" — адзначыла яна.